Лукашэнка мае намер у найбліжэйшы час пабываць на вытворчасцях ахоўных сродкаў. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе ў Мінску, перадае БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніку Адміністрацыі падрыхтаваць пералік прадпрыемстваў, якія выпускаюць сродкі абароны і якія могуць гэтым займацца. «Я знайду час пабываць там, дзе палічу патрэбным. І запытаю, ці круглыя суткі яны працуюць і шыюць маскі, — сказаў ён. — Зараз маскі і іншае — бахілы, акуляры, шчыткі — каштуюць шалёных грошай. Цэны падскочылі».

«Нам сёння ўжо прапаноўваюць розныя краіны: і гэта ў нас купіце, і гэта, і гэта… А мы тое, што можам зрабіць самі, і грошы пакінуць у сябе ў краіне, утрая даражэй пачынаем купляць за яе межамі. Я маю на ўвазе сродкі абароны: маскі, рэспіратары і гэтак далей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым ён заклікаў людзей падыходзіць да ўсяго ўзважана, у тым ліку да выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны. «Слухайце, мы ўжо таксама перагнулі з гэтымі маскамі. Я учора праехаў па Мінскай вобласці. Еду сам за рулём. Людзі выходзяць з вёскі на поле. І ідзе чалавек: адзін (вецер такі, надвор'е зараз добрае, сухое), і маска на твары, — падзяліўся назіраннямі кіраўнік дзяржавы. — Здымі маску, падыхай свежым паветрам. Ну калі ты ў горадзе, дзе вялікая колькасць людзей, адзень і хадзі гадзіну-дзве. А навошта паміж вёскамі ісці ў поле ў гэтай масцы. Мы ўжо людзей перанапружылі. Ад чаго абароніць маска ў полі?»

Як распавёў па выніках нарады кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, на пасяджэнні пастаўлены канкрэтныя задачы па далейшым развіцці сістэмы аховы здароўя, выразна вызначаная тактыка дзеянняў. «Сітуацыя кантраляваная, стабільная», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0