У Беларусі адзначаецца спад сезонных захворванняў на ВРВІ і выяўленых пнеўманій. Гэта тэма абмяркоўвалася сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, перадае БЕЛТА.

Ён адзначыў, што кожныя суткі аналізуе сітуацыю з хворнасцю ў краіне. Зыходзячы з існуючай інфармацыі і прадстаўленых графікаў, адзначаюцца пэўныя станоўчыя тэндэнцыі. «Гэта абсалютна паказальныя графікі, яны шмат што кажуць. Я задаволены тым, што мы практычна звялі да мінімуму ВРВІ (гэта сезонныя ўсе захворванні). Яны ў нас ужо пайшлі на спад. Урачы і Міністэрства аховы здароўя яшчэ раней мне з вопыту сказалі пра тое, што на спадзе ВРВІ даюць хвост пнеўманій. Гэта значыць пнеўманіі падчас падзення ВРВІ заўсёды павялічваліся. Я гэта бачу па графіку, у тым ліку ў гэтым годзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за апошнія дні, напрыклад у Віцебскай вобласці, прырост колькасці новых пнеўманій істотна скараціўся. «Зараз у 2,5 разы знізіўся. І гэта наша паўночная Віцебская вобласць. Тое ж самае па Мінску, добрая тэндэнцыя», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што супакойвацца нельга, асабліва ў дачыненні да пнеўманій. Збольшага гэта звязана і з няўстойлівым веснавым надвор'ем. «Нам бы ўтрымацца на гэтым узроўні. Я казаў, што гэты тыдзень да Вялікадня будзе паказальны для ўсёй краіны. Калі мы хоць бы ўтрымаемся на цяперашнім узроўні гэты тыдзень, значыць, мы перамаглі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нам трэба гэты тыдзень напружыцца, у што б там ні стала. Не таму, што ў нас катастрофа. Дзякуй богу, у нас яе няма. У нас няма лавінападобнага нарастання хвароб. І гэта дзякуючы дактарам і людзям».

«Малайцы людзі! Нічога не забараняем, але сказалі, што жыццё ў вашых руках. Туды, куды чалавек не хоча ісці, ён не ідзе. Нічога не забараняем, ніякага каранціну, нічога не ўводзілі. Зараз людзей, што бадзяюцца, на вуліцы няма. То-бок людзі адрэагавалі, людзі гэта разумеюць. І не трэба іх заганяць у кватэры, замыкаць іх там. Чалавек сваім жыццём распараджаецца сам. А мы павінны яму дапамагаць, што мы і робім», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік па выніках нарады пацвердзіў, што ў цэлым па краіне адбываецца зніжэнне хворнасці на рэспіраторна-вірусныя інфекцыі. «Паралельна аналізавалі колькасць пнеўманій, па якіх найбольш напружаная сітуацыя складвалася ў Мінску і Віцебску. Улічваючы, што ў сувязі з цёплай зімой у нас троху зрушыліся пікі захворвання, тэндэнцыя апошніх дзён сведчыць, што колькасць штодня выяўляемых пацыентаў з дыягназам «пнеўманія» істотна скарацілася. Мы спадзяемся, што сітуацыя не толькі стабілізуецца на працягу бліжэйшых дзён, але і будзе мець відавочную тэндэнцыю да паляпшэння», — распавёў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0