Італьянцам прапаноўваюць за грошы зняць відэа з удзячнасцю Расіі і асабіста Уладзіміру Пуціну за дапамогу ў барацьбе з каранавірусам, паведамляе аўтарытэтная італьянская газета La Repubblica.

Расіяне, што жывуць у Італіі, рассылаюць знаёмым італьянцам прапанову зняцца ў відэароліку нейкага «расійскага сродку масавай інфармацыі» з дапамогай праграмы WhatsApp.

Па інфармацыі выдання, гэтаму СМІ трэба знайсці пятнаццаць грамадзян Італіі, якія «скажуць нешта добрае пра расійскую гуманітарную дапамогу» і апублікуюць адпаведныя відэаролікі ў сацыяльных сетках: Twitter, Facebook і Instagram — у абмен на 200 еўра.

Прадстаўнік расійскага пасольства заявіў у інтэрв'ю La Repubblica, што нічога не ведае пра гэтыя просьбы, назваўшы гэтыя звесткі «правакацыяй махляроў».

Нагадаем, у мінулым месяцы Расія адправіла Італіі гуманітарную дапамогу: ваенных медыкаў, медыкаменты і медыцынскую апаратуру. Аднак праз кароткі час італьянскія СМІ паведамілі, што 80% гэтай дапамогі не спатрэбілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0