У канцы сакавіка каранавірус выявілі ў Капыльскім раёне. Эпіцэнтрам заражэння сталі вёскі Доктаравічы, Новыя Доктаравічы, а таксама Вуглы. Некалькі дзясяткаў жыхароў гэтых паселішчаў шпіталізавалі ў бальніцы Мінска, Барысава і Капыля.
1 красавіка ў Капыльскай цэнтральннай раённай бальніцы памерла 70-гадовая настаўніца англійскай мовы Наталля Арлова, якая колькі дзён перад гэтым знаходзілася на адзіным у раёне апараце ШВЛ.
«Усё нармальна ў нас. Больш за палову хлопцаў ужо папрыходзілі на працу, паварочаліся з бальніц. Больш ніхто не паміраў, усё добра», — сказалі нам у Доктаравічах.
Брат і муж памерлай Наталлі Арловай таксама пайшлі на папраўку.
Паразмаўляў з «Нашай Нівай» і галоўны доктар Капыльскай раённай бальніцы.
31 сакавіка частка супрацоўнікаў бальніца сышла на каранцін. Гэта значыць, што яны жылі на працы, працягваючы выконваць свае функцыі.
«Каранціна ў нас не было, як ва ўсёй краіне, — кажа галоўны ўрач Сяргей Пацяйковіч.
— Некаторыя супрацоўнікі жылі і працавалі так, як ім было зручна, мы ім быт забяспечылі. Па-рознаму, некаторыя жывуць па-ранейшаму ў бальніцы, частка — па дамах. Сітуацыя стабілізавалася. Многія людзі ўжо вяртаюцца па дамах, шмат тых, хто паправіўся».