У Докшыцах хадзілі чуткі, што вірус прывезлі ксяндзы з манашкамі, якія ездзілі ў Рым, але гэта зусім не так. Святары нікуды апошнім часам не выязджалі. Паломніцтваў таксама не было.

Як жа трапіў вірус у гэты глухі, лясны, малы раён?

Докшыцы — вельмі дагледжаны, утульны гарадок з насельніцтвам 7000 чалавек. Усяго ж у раёне — 22 тысячы. Па ўсіх перапісах гэта адзін з самых беларускамоўных раёнаў краіны. Тыповы заходнебеларускі глухі край.

Трохі на паўночны ўсход — Ушачы, каля якіх нарадзіліся Быкаў, Барадулін і Броўка.

Трохі на поўнач — рэгіянальны цэнтр Глыбокае, радзіма Сухога, Ластоўскага і Буйніцкага.

З-пад саміх Докшыц выйшлі мастакі Надзея Хадасевіч-Лежэ і Віктар Маркавец, аўтар гімна Беларусі, кампазітар Несцер Сакалоўскі, джазавы музыкант Вэрнан Д'юк (Уладзімір Дукельскі), а таксама айцец Францішак Будзька, пачынальнік беларусізацыі і беларускага руху ў Касцёле ў пачатку ХХ стагоддзя.

Каталікоў у раёне прыкладна пятая частка, большасць — праваслаўныя. Недзе тут, у лясах, 700 гадоў таму цераспалосна жылі балты і крывічы. Першыя сталі пераважна каталікамі, а другія — праваслаўнымі, але пасля, з Уніяй і перахрышчваннямі ў расійскае праваслаўе, многае памяшалася.

У саміх Докшыцах да каталіцкай парафіі належаць каля 1200 вернікаў.

У Докшыцах касцёл адзін, яго збудавалі ўжо пры незалежнай Беларусі ў 1994-м. Стары, фундаваны ў 1608 годзе, спалілі партызаны ў 1943-м. Але пры касцёле дзейнічаюць аж два кляштары, адзін мужчынскі, а адзін — жаночы, рэдкая для Беларусі сітуацыя. Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў і пабудаваў у неараманскім стылі гэты храм.

фота Радыё Свабода

фота Радыё Свабода

Менавіта касцёл стаў адным з асяродкаў распаўсюду «пнеўманіі» — улады маўчаць пра каранавірус. У шпіталь трапілі і двое манахаў, і манашка. А таксама 17 вернікаў. Канечне, людзі сталі перабіраць у памяці, што гэтаму папярэднічала.

Людзі схіляюцца да думкі, што вірус у Докшыцы магла прывезці жанчына, якая ў сярэдзіне сакавіка ляжала ў бальніцы ў Віцебску. Людзі прыгадваюць, што яна хадзіла на набажэнствы, маючы кашаль.

«Хто ж тады думаў пра каранавірус? Ніхто ж нічога па тэлевізары не казаў, ні Лукашэнка, ні хто, — сказала «Нашай Ніве» адна з верніц у Докшыцах. — Цяпер то ў нас мы ўсе так перасцерагаемся, як гэта пайшло. І маскі носяць, і нікуды не ходзяць. А тады ж казалі: «гэтага ў нас няма і няма чаго выдумляць».

Першая група вернікаў, якая злягла з пнеўманіямі, былі пераважна тыя, хто сядзеў у радыусе некалькіх метраў ад гэтай жанчыны, у правай частцы касцёла.

«Я нават здзівілася, як прачытала, што каранавірусам заражаюцца, калі стаяць за пару метраў. Во так яно і было», — кажа жанчына.

У парафіях, як Докшыцы, людзі звычайна сядаюць у касцёле ў адны і тыя ж звыклыя для сябе месцы.

У Віцебск жа вірус прынеслі людзі, якія па справах бізнэсу ў лютым пабывалі ў Італіі, Мілане. Пра першую смерць жанчыны з пнеўманіяй у Віцебску журналістам стала вядома 20 сакавіка, памерла яна 18-га. Сваякам сказалі хаваць яе ў закрытай труне і самаізалявацца, сказалі пра каранавірус. Аднак публікацыя пра яе смерць выклікала гнеў уладаў: «фэйк, у яе быў букет дыягназаў, але не было каранавіруса». Прыкладна ў тых жа днях вярнулася ў Докшыцы з віцебскай бальніцы жанчына N.

«Людзі тут моцна баяцца ўлады, баяцца лішняе слова сказаць ці лішні раз выказаць свае погляды. Можа, таму якраз у Докшыцах так старанна замоўчваюць статыстыку захварэлых. У суседніх жа ж раёнах — у Глыбокім, ва Ушачах — райвыканкамаўскія газеты даюць такую статыстыку, а тут усе чыноўнікі баяцца слова сказаць, «кабы чего не вышло», — наракае «Нашай Ніве» малады чалавек з раёна.

Перш чым нехта звярнуў увагу на кашаль і пнеўманіі, вірус паспеў распаўсюдзіцца па Докшыцах. 

Сярод хворых на пнеўманіі толькі пятая частка — вернікі каталіцкай парафіі. Гэта наводзіць на думку, што жанчына, калі яна і была «першаносьбітам», наўрад ці была адзіным «пацыентам нумар нуль» у райцэнтры, паралельна з ёй з Віцебска або іншых гарадоў заразу прывезлі іншыя людзі.

«Гэта ўсё тэарэтычныя рэчы. Адназначна сцвярджаць не варта», — кажа брат Алег Шэнда, кусташ Беларускай кустодыі ордэна Братоў Меншых Капуцынаў.

Ён звяртае ўвагу, што выпадкі каранавіруса і пнеўманій здарыліся не толькі ў Докшыцах, але і многіх іншых, хоць і не ва ўсіх, райцэнтрах Віцебскай вобласці. Калі глядзець на мапу, то гэта спярша былі пункты вакол абласнога цэнтра: Бешанковічы, Лёзна, Шуміліна, Орша.

Ордэн капуцынаў заснаваў святы Францішак з Асізі. Гэтых манахаў пазнаеш па карычневых плашчах з высокім каптуром-капюшонам, «капуцынам». Яны падпярэзваюцца белай вяроўкай, а цэлае лета ходзяць у простых сандалях. Яны вядуць просты лад жыцця, а займаюцца ў свеце найбольш дапамогай бедным і хворым. Так выйшла, што яны і самі прайшлі праз хваробу. Адзін манах і манашка з бальніцы ўжо выйшлі, чакаюць і выпіску другога манаха — яму значна лепей. Але ў бальніцы застаюцца яшчэ дзясяткі людзей. А многія атрымалі труны. І ўсё не старыя яшчэ людзі, кармільцы сямей. Капуцынаў чакае цяжкі год. Многім трэба будзе іх дапамога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?