Чалавецтва можа сутыкнуцца з голадам «біблейскіх маштабаў» праз пандэмію каранавіруса, калі не забяспечыць харчовую бяспеку. Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар Сусветнай харчовай праграмы (СХП) ААН Дэвід Бізлі, піша rbc.ru.

Паводле СХП, да канца 2020 года з вострым недахопам харчавання ў свеце могуць сутыкнуцца 265 мільёнаў чалавек. Гэта лічба ўдвая больш за леташнюю — праз каранавірус на мяжы голаду аказаліся 130 млн чалавек. Па словах вядучага эканаміста праграмы Арыфа Хусэйна, рэжым самаізаляцыі і эканамічная рэцэсія ўжо ўдарылі па жыхарах галадаючых краін.

Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра краіны Афрыкі, дзе жыве палова галадаючых. Яшчэ 43 млн чалавек, якія сутыкаюцца з голадам, пражываюць на Блізкім Усходзе і ў Азіі. 18,5 млн — у краінах Карыбскага басейна і Лацінскай Амерыкі.

У аўтараў дакладу Глабальнай сеткі па барацьбе з харчовымі крызісамі (у яе ўваходзіць СХП) асцярогу выклікае таксама сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны.

Бізлі назваў пандэмію каранавіруса «найгоршым гуманітарным крызісам з часоў Другой сусветнай вайны». Паводле яго слоў, без дапамогі СХП «штодня ад голаду будуць паміраць 300 тысяч чалавек, і так на працягу трох месяцаў». Бізлі дадаў, што гэтыя лічбы не ўлічваюць наступствы пандэміі.

Паводле аднаго са сцэнарыяў праграмы, голад пашырыцца ў 30 краінах свету. У дзесяці з іх ужо зараз каля мільёна чалавек знаходзяцца на мяжы галоднай смерці. 

У пачатку красавіка ў ААН паведамілі, што з-за каранавіруса 8,3 мільёна чалавек у арабскім рэгіёне апынуцца за рысай беднасці, а колькасць тых, хто недаатрымлівае прадукты харчавання, вырасце на 2 млн. Пры гэтым ужо цяпер у арабскіх краінах больш за 101 мільён чалавек знаходзіцца на мяжы галечы, а 52 млн — недаядаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0