Арт-менэджарка Вольга Мжэльская днямі здымалася ў сюжэце для перадачы «Наша раніца» на АНТ. У інтэрв'ю яна расказвала пра жанчын, якія яе натхняюць. Але тэлеканал не дазволіў згадаць у роліку Святлану Алексіевіч.
Як патлумачыла Вольга, пра гэта яе папярэдзілі падчас падрыхтоўкі да здымкаў.
Вольга Мжэльская. Фота з Instagram
«Абмяркоўвалі змест будучага сюжэту. Мяне папрасілі назваць жанчын, якія натхняюць. Я назвала сярод іх Святлану Алексіевіч. Мяне папрасілі іншага героя, бо рэдакцыйная палітыка не прапусціць Алексіевіч», — расказала Вольга Мжэльская.
У выніку ў ролік увайшоў расповед пра мастачак Надзею Лежэ, Алёну Кіш і Марыну Абрамовіч.
Карэспандэнту «НН» не ўдалося на працягу дня звязацца з прэс-службай АНТ.





