«Я тады працаваў яшчэ ў БДГ, і ў мяне кантактаў паўсюль хапала. І знаёмы з КДК распавёў, што правялі праверку ў Мінскай вобласці, і там разгром, галава губернатара злятае дакладна. А для прэзідэнта справаздачу перапісалі амаль цалкам, пакінулі толькі пару момантаў. Як казалі тады, бо з тым губернатарам вельмі сябраваў старшыня КДБ.

Я думаю: ого! Трэба зрабіць тэкст, як дураць прэзідэнта. Прашу гэтага знаёмага здабыць мне першую версію справаздачы. 

Пасля на планёрцы ў БДГ расказваю гісторыю, кажу, што здабуду тую першую версію дакумента. І ці то праслухоўвалі нас, ці хто здаваў — але праз гадзіну мне пазванілі з КДБ. Прычым з размовы было ясна: яны думаюць, што дакумент ужо ў мяне. Кажуць: вельмі просім сустрэцца. Ладна, кажу.

На сустрэчу прыйшоў падпалкоўнік КДБ — прозвішча памятаю, але агучваць не буду. Кажа мне: «Ведаю, які артыкул вы рыхтуеце. Я тут па даручэнні старшыні КДБ».

Я разумею, што той першы дакумент я ўжо ніколі не ўбачу, калі такі шухер падняўся. Але раблю выгляд, што дакумент маю. Так, кажу, артыкул рыхтую, розніца з фінальнай справаздачай уражвае.

Кадэбэшнік кажа: любыя ўмовы, каб артыкул не быў апублікаваны. Хочаце — зробім вам трохпакаёвую кватэру ў Мінску. 

Думаю: ні фіга сабе! Але кажу: не, не хачу кватэру, дайце мне дакументы па справе Ягора Рыбакова — і артыкул не выйдзе.

Старшыня БТ Ягор Рыбакоў.

Старшыня БТ Ягор Рыбакоў.

Тады ж судзілі за карупцыю старшыню Белтэлерадыёкампаніі Рыбакова, і ўсе матэрыялы справы засакрэцілі. Усе гадалі: што ж там такое? 

На наступны дзень прынеслі мне матэрыялы з суда над Рыбаковым. Я пачаў чытаць — проста афігеў. Тады ўжо БДГ амаль заціснулі, наклад газеты быў малы, амаль ніхто не прачытаў наш артыкул пра Рыбакова. А чытаць было што! На судзе агучвалася, як кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта чорным налам у далярах перадаваў Рыбакову грошы за падрыхтоўку выкрывальных матэрыялаў супраць канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах! А Рыбакоў частку грошай клаў у сваю кішэню».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0