Фота Вікторыі Харытонавай, публікуецца са згоды аўтара.

Фота Вікторыі Харытонавай, публікуецца са згоды аўтара.

Пайшла з жыцця спадарыня Вольга Дзядзюля, выкладчыца сусветнай літаратуры Коласаўскага ліцэя. Памятаю, яна была выкладчыца, якая:

1. Як маці клапатліва нагадвала нам, «творчым асобам», што неабходна штодня мыць ногі і мяняць шкарпэткі.

2. Заўсёды дазваляла адзначаць дні нараджэння тортам і гарбатай на парах па літаратуры, але КОЖНЫ мусіў штосьці сказаць пра імянінніка.

3. Чакала арыгінальнага прачытання твораў. Бацька распавёў ёй, што з усіх герояў «Вайны і міра» я ўпадабала толькі «маленькую княжну, бо яна не рабіла нікому зла, распавядала свае маленькія гісторыі ў цені мужа, а ўсе гэтыя снобы і мізантропы ёю пагарджалі». — «Малайчына. Не чапайце. Арыгінальнае прачытанне. Сваё». 

4. Магла чытаць лекцыю, стоячы, як балерына, на адной назе. А мы зачаравана сачылі за пакручастым сюжэтам.

5. Даглядала аранжарэю кветак.

6. Дазваляла выбіраць любы верш аўтара для дэкламавання. Мы былі абмежаваны толькі аб'ёмам уласнай памяці. Асалодай было прагартаць цэлы томік, выбіраючы дэсерт для заўтрашняга паэтычнага банкета. Праўда, ліцэйская легенда кажа, што быў навучэнец, які з вернасцю менестрэля заўжды чытаў адзіны верш свайго жыцця — «Пагоню».

7. Яна проста — БЫЛА. Былі выкладчыкі суворыя (я аднойчы ад вялікага піетэту згубіла Грэнландыю на мапе — хто ж ведаў, што яна ў Заходнім паўшар'і), былі крэатыўныя (што запаўнялі журнал рознакаляровымі асадкамі і выкладалі японскую мову факультатыўна), былі запрошаныя прафесары (канспект за трыместр займаў 3 агульныя сшыткі), а была — спадарыня Вольга Дзядзюля. Цяпер — назаўжды. Ад сэрца да сэрца…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?