Яны сышлі на вайну і не вярнуліся. Бацькі і дзеці не дачакалі ні іх, ні звестак аб іх. 4,5 мільёна жаўнераў Чырвонай Арміі зніклі без звестак падчас вайны. Цяпер, калі архівы пераходзяць у лічбавы фармат і ўсё больш даных робяцца лёгка даступнымі, інфармацыю пра некаторых зніклых удаецца знайсці. Гісторыі ж іншых адышлі ў нябыт. Чаму? Чаму кагосьці атрымоўваецца знайсці, а кагосьці не, патлумачыць доктар гістарычных навук, прафесар Аляксей Літвін, які сам да гэтага часу шукае свайго зніклага на вайне дзядзьку.

«За некалькі гадзін я знайшоў камень з імем дзядулі» 

ИСУ-122, самаходная ўстаноўка на базе танка «Іосіф Сталін». Камандзірам такога танка быў Герман Сандалаў. Фота з сайта oruzhie.info

ИСУ-122, самаходная ўстаноўка на базе танка «Іосіф Сталін». Камандзірам такога танка быў Герман Сандалаў. Фота з сайта oruzhie.info

«Мы думалі, што мой стрыечны дзед Герман Сандалаў загінуў падчас бітвы на Курскай дузе ў 1943 годзе. Нават не памятаю, адкуль узяліся такія звесткі», — гаворыць Герман Лубенскі.

Бабуля Германа Зоя Лубенская і яе брат, таксама Герман, паходзяць з Валгаграда (тады Сталінграда).

Брат з сястрой прайшлі ўсю вайну, але не побач.

Германа прызвалі ў войска ў першыя дні вайны. Тады яму было 28 гадоў. Але ў дакументах чамусьці ўказана, што яго прызвалі 20.06.1942 (заўвага аўтара).

Зоя ўступіла ў рады арміі добраахвотна ў 1942-м. Тады ёй было амаль 20 гадоў. У тыле, у Сталінградзе, Зоя трапіла на курсы сувязістак. Увесь час была на фронце, на перадавой, займалася сувяззю паміж злучэннямі 65-й арміі.

Герман быў танкістам. Як выявілася, ён загінуў на тэрыторыі Венгрыі, побач з Будапештам, 2 лютага 1945 года. Толькі тры месяцы не дажыў да абвяшчэння канца вайны.

«Я знайшоў усю інфармацыю ўсяго за некалькі гадзін прыкладна два гады таму, — кажа Герман. — Адпраўным пунктам была база даных «Мемарыял». За пару хвілін знайшоў там картку з данясеннем аб незваротных стратах. Сумненняў не было — гэта быў мой стрыечны дзед. Імя нераспаўсюджанае. Прозвішча, дата нараджэння, месца прызыву — усё супадала». 

Герман быў камандзірам ІСУ-122 23-га танкавага корпусу 144-га самаходна-артылерыйскага палка. Так напісана ў данясенні аб незваротных стратах

Герман быў камандзірам ІСУ-122 23-га танкавага корпусу 144-га самаходна-артылерыйскага палка. Так напісана ў данясенні аб незваротных стратах

Сярод звестак было паказана першае месца пахавання — сяліба Аг-Сентпетэр пад Будапештам. Пагугліўшы, Герман даведаўся, што ў 70-х гадах парэшткі савецкіх вайскоўцаў пераняслі ў брацкую магілу ў гарадок Эрчы, што за 40 кіламетраў ад Будапешта. Фотаздымкаў у інтэрнэце нямала. На надмагільным камяні аднаго з фотаздымкаў сярод іншых імёнаў Герман знайшоў імя свайго дзеда Германа Сандалава. Цяпер толькі засталося наведацца на магілу бабулінага брата.

Пошук, які расцягнуўся на гады

Ён сышоў на вайну, калі Соні не было яшчэ і пяці гадоў. Яна бегла за возам, колькі было моцы, але адстала. Бацька знікаў з вачэй. Назаўсёды.

Дома засталіся двайняткі-немаўляткі і два старэйшыя Соніны браты з мамай. 

Падчас вайны яна бачыла яго на фотаздымку. Немцы распаўсюджвалі сярод мясцовых жыхароў газету. На першай старонцы быў тата. Усе пазналі Мікалая. Нават руку ён трымаў падсунуўшы пад пінжак, як звычайна. Пад групавым фотаздымкам было напісана, што гэта палонныя. Газету павесілі на сцену, пасля адарвалі старонку. Потым выразалі фотаздымак — а далей, з фотаздымка, — тату. Дзеці насілі і згубілі. Тата зноў прапаў. Гэта апошняя згадка.

Што сталася з Мікалаем Рыгоравічам Воранавым з вёскі Дразды Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці — невядома. Хтосьці потым вярнуўся з вайны, кагосьці прызналі загінулым. Усе яны былі героямі. А зніклых салдат героямі не прызнавалі. Таму свята 9 Мая заўжды было для Соні горкім святам. Вайна забрала бацьку і не вярнула.

Сафія Мікалаеўна Воранава (Мацкевіч) з роднымі доўгія гады шукае звесткі пра Мікалая Воранава.

Архівы, базы даных, лісты ў Германію. Нідзе няма ніякай інфармацыі пра Мікалая Воранава.

Дзе шукалі?

— Трафейныя карткі ваеннапалонных.
— Спісы савецкіх ваеннапалонных, якія загінулі ў нямецкім палоне, Дзяржаўны архіў Расіі.
— Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расіі (г. Падольск).
— Асацыяцыя «Ваенныя мемарыялы».
— Асацыяцыя міжнароднага ваенна-мемарыяльнага супрацоўніцтва «Ваенныя мемарыялы»
— Абагулены банк даных «Мемарыял».
— Сайты «Памяць народа» і «Подзвіг народа».
— Міжнародная служба вышуку ў Бад Арользене.
— Нямецкая служба па пошуку бліжэйшых сваякоў загінулых салдатаў былога нямецкага вермахта (WASt).
— Цэнтральны рэестр замежнікаў у Кёльне.
— Мемарыял Маўтхаўзэн.
 Сайт Усерасійскага інфармацыйна-пошукавага цэнтра.
— Кнігі «Імёны з салдацкіх медальёнаў».

Удалося высветліць толькі, што Мікалай Воранаў «стралок», «знік без вестак у снежні 1941 года пад Смаленскам».

Версія першая

Мікалая прызвалі не адразу. Вайна пачалася 22 чэрвеня. Недзе тыдзень ён быў вартавым на мясцовым аэрадроме. «Яго пашкадавалі. Не адправілі адразу на фронт. У сям’і было пяцёра дзетак. Малодшым двайняткам усяго сем месяцаў». Прыкладна праз тыдзень пасля пачатку вайны позва ўсё ж прыйшла. Мікалай даехаў да Бешанковічаў на возе з кімсьці са знаёмых.

Раніцай адплыў на параходзе ў Віцебск. «Мамка бегала выпраўляць. Казала, ён доўга махаў ёй бярозавай галінкай».

Крыху пазней у Віцебску Мікалая сустрэў муж яго стрыечнай сястры. «Паўка быў нягож служыць, але ездзіў у Віцебск нечым дапамагаць», — распавядае Сафія Мікалаеўна. Прапанаваў Мікалаю: «Сядай на воз, паедзем дадому». «Не, нельга. Немца ж прагонім, гэта нядоўга. І што я тады скажу?!» — адказаў Мікалай.

Газета з фотаздымкам Мікалая Воранава з’явілася на дзвярах сельсавета летам таго ж года, а магчыма, і наступнага (Сафія дакладна не памятае).

Такім чынам, ужо ўлетку Мікалай, магчыма, трапіў у палон. Мог апынуцца ў лагеры смерці, якіх было шмат у Беларусі. Калі Мікалай трапіў у канцлагер у Германію, то інфармацыя аб ім павінна была застацца, улічваючы нямецкі педантызм.

Але ж у Міжнароднай службе пошуку інфармацыю пра Воранава Мікалая Рыгоравіча 1907 года нараджэння няма.

«Пасля параўнання прадстаўленай вамі інфармацыі з інфармацыяй, знойдзенай у нашых дакументах для спадара Nikolaj WORONOW, мы вырашылі, што яны не адносяцца да шукаемай асобы», — адказваюць у Бад Арользене на пісьмовы запыт сям'і.

 

У канцлагеры Маўнтхаўзэн паведамілі, што ў кастрычніку 1941 года ў лагеры знаходзіўся Воранаў Мікалай Сцяпанавіч (не Рыгоравіч). Дата нараджэння 1.2.1907 года. Але наш Мікалай Воранаў нарадзіўся на Міколу — у снежні ці траўні. Па новым стылі гэта мог быць студзень або чэрвень. Не супадае і імя па бацьку. Значыць, гэта не той Воранаў? Можна паспрабаваць знайсці гэтую газету. Раптам у Германіі ёсць архіў і бібліятэка з газетамі, якія распаўсюджвалі падчас вайны на акупаваных тэрыторыях.

 

Версія другая

У падольскім архіве (Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расіі) родным паведамілі, што Мікалай Воранаў прапаў без звестак пад Смаленскам у снежні 1941 года. У снежні ўжо не бралі ў палон. Хутчэй за ўсё, ён загінуў. Да таго ж чалавек з суседняй вескі Берасні рассказваў блізкім, што у Бешанковічах быў з Мікалаем, праўда, іх адразу ж разлучылі, але потым нехта з мужыкоў казаў, што Мікалай загінуў.

Адзіная магчымасць пацвердзіць гэта — шукальнікі. Раптам яны знойдуць астанкі салдата з ваенным білетам?! Пакуль інфармацыі аб Мікалаі Воранаве на сайце Расійскага інфармацыйна-пошукавага цэнтра і ў кнігах «Імёны з салдацкіх медальёнаў» сведак пра Мікалая Воранава няма.

А вось на сайце «Подзвіг народа» ёсць звесткі аб Воранаве Мікалаю Рыгоравічу 1907 года нараджэння, які прыбыў у частку паміж 01.01.1942 і 28.02.1942. У звестках указаны ваенна-перасыльны пункт — 199-і армейскі запасны стралковы полк. Не выключана, што гэта і мог быць той самы Мікалай Воранаў.

«Усё проста ў адным выпадку і вельмі складана ў другім»

Абедзве спробы пошуку пракаментаваў загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксей Літвін.

У першым выпадку ўсё элементарна проста:

  1. Чалавека прызвалі ў Валгаградзе. Немцы яго не акупіравалі. Хоць і баі там ішлі страшныя, матэрыялы ваенкаматаў тых вайсковых частак захаваліся.
  2. Герман дайшоў да Будапешта. У 1945-м годзе гэта была арганізаваная армія. Уяўляеце, што гэта? Штабы, кадры, кожны дзень справаздачы — хто паранены, каго забілі, хто здзейсніў подзвіг.
  3. Дакументы захаваліся, таму што Савецкая армія перамагла. Інфармацыя пра загінулых, узнагароджанні — усё ёсць. Узвод, батальён, полк, дывізія, корпус, армія, фронт — дакументы па ўсёй вертыкалі захаваліся. Сёння даныя архіваў алічбаваныя, таму знайсці такога чалавека — ніякай цяжкасці.

Уявіце абставіны, ў якіх апынуўся другі чалавек:

1. З тымі, хто трапіў на вайну ў 1941-м годзе ў Беларусі, усё было не так. Мабілізаваных накіравалі ў ваенкаматы на зборныя. Іх пастроілі ў калоны, і яны пайшлі. Немцы наляцелі-разбамбілі. Людзі разбегліся. Кагосьці забілі, хтосьці быў паранены. Калі гэтых людзей нават і занеслі ў спісы прызваных у армію, тыя, хто вёз гэтыя дакументы, загінулі, паперы згарэлі.

У поўным атачэнні апынуліся 3-я і 10-я арміі, частка 4-й і 13-й. І практычна ўся дакументацыя, якая знаходзілася ў вайсковых частках, прапала. Толькі калі чалавек служыў, напрыклад, у Гродне, але быў прызваны ў Арменіі, Грузіі або Расіі, тады ў мясцовых ваенкаматах засталіся звесткі, што ён быў прызваны і трапіў у 3-ю або 10-ю з армій. Тады звесткі будуць у Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расіі ў Падольску.

Але калі нават Мікалай Воранаў даехаў да Віцебска, а потым у складзе пэўнай часткі і да Смаленска, то пад Смаленскам больш за 300 тысяч салдат трапілі ў акружэнне. І вы разумееце, якім быў лёс гэтых людзей», — уздыхае Аляксей Літвін. Людзі і дакументы дакладна загінулі.

«Што такое «знік без звестак»? Гэта значыць, няма канкрэтнага запісу ў дакументах, што ён загінуў у гэтым пэўным месцы і быў там пахаваны, разумееце?»

Аляксей Літвін шмат гадоў займаецца праблемай пошуку людзей, якія зніклі без звестак у 1941-м. «Мой родны дзядзька загінуў у 1941 годзе, і я не магу знайсці інфармацыі, — кажа Аляксей Літвін. — Тут можа дапамагчы толькі выпадак».

2. «З Віцебска Мікалай Воранаў мог трапіць у Мінск, Маладзечна — куды заўгодна. А потым у палон у Польшчу або Германію», — кажа Аляксей Літвін. Такім чынам верагоднасць, што Воранаў апынуўся ў палоне, таксама высокая. Але ці можа Мікалай Сцяпанавіч з канцлагера Маўтхаўзэн быць нашым Мікалаем Рыгоравічам? Немцы пільна вялі дакументацыю. І калі імя па бацьку не супадае, то наўрад ці. Але ў Маўтхаўзэне не далі адназначнага адказу. Верагоднасць таго, што ў палоне ў адным з лагероў Бухенвальда быў менавіта Мікалай Рыгоравіч Воранаў, усё ж такі не выключаная. «Тым больш калі месца нараджэння не пазначана, — выказвае згадку Літвін. — Але гэта можна разглядаць толькі як версію». 

3. Дакладных даных у дакументах не захавалася. Ёсць толькі версіі. І якая заўгодна можа аказацца праўдай. Магчыма, Воранаў пад Смаленскам быў паранены ў баі, яго пагрузілі і павезлі ў шпіталь (тады яго картка можа аказацца ў архіве ваенна-медычных дакументаў у Санкт-Пецярбурзе), а дакументы засталіся ў начальніка штаба. Ён мог быць у лагеры і збегчы або збегчы на шляху ў лагер і загінуць у любым месцы. «Людзі гінулі сотнямі тысяч без усялякіх слядоў», — кажа Аляксей Літвін.

А зрэдку і дакладныя звесткі аказваюцца непраўдзівымі. «Некаторы час таму мы пісалі ў кнізе аб удзеле армян у бітве за Беларусь. І знайшлі 5 чалавек, імёны якіх былі напісаныя на нашых помніках сярод загінулых! А яны аказаліся жывыя!»

Можна яшчэ шукаць у інтэрнэце па пахаваннях, узнагародах, спісах загінулых і параненых…

Але якая версія правільная, могуць сказаць толькі на нябёсах, уздыхае прафесар Літвін. Альбо дапаможа час.

Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць акцыю «Успомнім усіх». Кожны можа даслаць у інстытут гісторыю свайго сваяка на электронную пошту [email protected]. Інфармацыю збяруць у базу даных і апублікуюць у кнігах. Інстытут гісторыі чакае ўспаміны, фатаграфіі, сведчанні і ад арганізацый. Любая інфармацыя бясконца каштоўна. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?