У вёсцы Прусы Пастаўскага раёна 8 мая за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага затрымалі 49-гадовага Андрэя Новікава — былога палкоўніка МУС Расіі. Мужчыну адвезлі ў Паставы і пасля складання пратакола паводле арт. 23.34 КаАП змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

А вось тое відэа, за якое, можна меркаваць, затрымалі Новікава. Яно гаворыць само за сябе.

Як аказалася, Новікаў вырас у Пастаўскім раёне, але ў 16 гадоў паступіў у вайсковае вучылішча, пасля чаго служыў у Расіі. А калі выйшаў на пенсію, вярнуўся жыць на бацькаўшчыну.

У відэа вышэй вы можаце бачыць таксама сітуацыю ў гэтым заходнебеларускім раёне.

Пра затрыманне Новікава паведаміла жонка затрыманага Вольга, піша «Віцебская вясна».

Андрэй будзе знаходзіцца ў ІЧУ да панядзелка 11 мая. У панядзелак яго будуць судзіць.

Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні.

«Я не ведаю, што рабіць! Засталася адна з двума дзецьмі на руках: аднаму ўсяго 10 месяцаў, другое — з інваліднасцю. І яшчэ гаспадарка ўся на мне…» — наракае Вольга.

Па словах жанчыны, яе муж сапраўды ездзіў у Варапаева, калі туды прыязджаў Сяргей Ціханоўскі. «Але я ніяк не магу зразумець, у чым вінаватыя людзі, якія з ім сустракаліся і якое там магло быць пікетаванне? Людзі ж невінаватыя!» — упэўненая Вольга.

Андрэй Новікаў служыў раней у расійскім МУС, ён палкоўнік паліцыі на пенсіі, займаў высокую пасаду начальніка УУС. Чатыры гады таму сышоў на пенсію і пераехаў жыць у Беларусь. Мае грамадзянства РФ і дазвол на жыхарства ў Беларусі.

За апошнія дні былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў сустрэчаў з Ціханоўскім. Сам блогер атрымаў 15 сутак арышту.

Відэа Сяргея Ціханоўскага, які ездзіць па краіне і запісвае, што кажуць людзі, набіраюць сотні тысяч праглядаў. Блогер Ціханоўскі заявіў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты. У той жа час ён адкрыта кажа, што не мае ілюзій наконт сумленнасці падліку галасоў і заяўляе пра патрэбу вулічных пратэстаў, каб дасягнуць перамен.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?