Незалежнаму назіральніку Галіне Крыстыновіч стала блага пасля эмацыйнай размовы са старшынёй участка і дзяжурным міліцыянерам. 56-гадовую жанчыну вынеслі на насілках медыкі і супрацоўнікі міліцыі. Гэта адбылося 8 жніўня на выбарчым участку №56 у сярэдняй школе №36 у Гродне, піша Hrodna.life

Галіну павезлі на машыне хуткай дапамогі. Пра падзеі на ўчастку распавёў сведка Віктар Шчыглінскі.

«Мы стаялі пад дзвярыма, кожны на сваім участку. Унутр нікога не пусцілі. Да жанчыны-назіральніка падышоў міліцыянер і старшыня ўчастка. Яна пачала іх здымаць. Старшыня сказаў, што нельга, тады міліцыянер пачаў патрабаваць, каб Галіна выйшла са школы. Яна не згаджалася — пачалі тэлефанаваць у ЦВК, пакуль тэлефанавала — прыехалі хлопцы з РАУС і вывелі яе. Я выйшаў на ганак — жанчына ўжо сядзела на парапеце і сказала, што ёй стала дрэнна — баліць сэрца».

Віктар выклікаў Галіне хуткую. Жанчыну даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, яе здароўю нічога не пагражае.

«У мяне ўжо ўсё добра, зрабілі ўкол і кардыяграму. Шпіталізаваць не будуць, — распавядае Галіна Крыстыновіч. — Я была на ўчастку не проста як назіральнік, але і як выбаршчык. Гэта мой участак. Я задала пытанне старшыні, а мне пачалі расказваць пра мае правы. Выклікалі дзяжурнага супрацоўніка і мяне папрасілі сысці з участку. Прагаласаваць так і не далі. З-за ўсяго гэтага мне стала дрэнна».

Галіна цяпер вяртаецца дадому. Пасля абеду яна плануе вярнуцца на ўчастак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?