Кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая 9 жніўня прыйшла на выбарчы ўчастак № 43 у мінскай гімназіі № 36 галасаваць разам з сынам. У сьпісах убачыла сваю дачку, але яна ня мусіла ў іх быць, бо ў яе адмацаваньне — яна цяпер за мяжой, паведамляе Радыё Свабода.

Ганна Канапацкая назвала сябе адзіным апазыцыйным праэўрапейскім палітыкам у сёлетняй кампаніі і лічыць, што яна «адзіная, хто здольны давесьці дзейнага кіраўніка ўлады ў другі тур».

Кандыдатка заявіла, што ўлада сваімі дзеяньнямі і затрыманьнямі мірных грамадзян на вуліцах паказвае, што няма роўных умоваў агітацыйнай і выбарчай кампаніі.

«Відаць, што ўлада настроена, каб увесь свой рэпрэсіўны, адміністрацыйны апарат накіраваць на задушэньне пратэстаў. Я сама супраць таго, каб рэвалюцыйна мянялася сытуацыя ў краіне. Я за мірны дэмакратычны эвалюцыйны шлях зьмены ўлады. Але гэта не азначае, што ва ўлады ёсьць права прымяняць сілу супраць мірных грамадзян», — сказала Канапацкая.

На думку кандыдаткі, сёньня ўлада не баіцца вулічных пратэстаў, яна да іх гатовая і ўвесь яе адміністрацыйны апарат настроены на тое, каб душыць пратэст.

«Самае галоўнае, чаго сёньня баіцца дзейная ўлада — гэта эканамічныя рэформы, бо якраз эканамічныя рэформы дазволяць узрасьціць сапраўдную грамадзянскую супольнасьць, самасьвядомасьць беларусаў, якім патрэбен будзе і незалежны суд, і свабода слова, прэсы і веравызнаньня.

Таму мая асноўная мэта — гэта эўрапейскі, дэмакратычны шлях разьвіцьця Беларусі. Для нас усіх адзінай каштоўнасьцю павінны быць незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны», — сказала Канапацкая, адказваючы на пытаньні журналістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0