У Мінску і іншых гарадах Беларусі 25 жніўня працягнуліся затрыманні ўдзельнікаў мірных масавых акцый, а таксама людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, паведамляюць праваабаронцы.

Стала вядома пра затрыманне ў Мінску каля будынку Міністэрства адукацыі Максіма Шульскага. У гэты дзень там праходзіла акцыя настаўнікаў. Максіма павезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

Таксама паведамляецца, што з вечара 24 жніўня перастаў выходзіць на сувязь работнік МТЗ Максім Мітуневіч. Вядома, што ён удзельнічаў у забастоўцы і мітынгах.

Увечары на плошчы Незалежнасці праходзіла акцыя «Свята незалежнасці». Пасля 9 вечара ў раёне плошчы затрымалі некалькі чалавек, паведамляе TUT.BY. Недалёка ад прыпынку схапілі чалавека і закінулі ў мікрааўтобус. «Затрымалі чалавека са сцягам недалёка ад касцёла. Хлопец проста ішоў з дзяўчынай, яе адпусцілі».

Чытачы «Нашай Нівы» паведамілі пра затрыманне мужчыны па імені Арцём Ісачэнка, які прывёз на плошчу калонкі для гукаўзмацнення. Яго, па словах чытачоў, выцягнулі з таксі, калі ён ад'язджаў.

У «Вясну» паведамілі пра затрыманне каля ГЦ «Сталіца» Данііла Шафрана. У яго был бел-чырвона-белы сцяг, каля 6 вечара ён патэлефанаваў блізкім і паведаміў, што знаходзіцца ў РУУС Маскоўскага раёна, аднак сваякам там не пацвярджаюць гэтай інфармацыі. 

У Гродне былі затрыманыя каля 28 супрацоўнікаў «Гродна Азот», іх адвезлі ў РАУС. Каб іх падтрымаць, каля РАУС сабралася шмат людзей. У хуткім часе супрацоўнікаў адпусцілі, але АМАП пачаў затрымліваць тых, хто прыйшоў падтрымаць іх. Відавочцы кажуць пра збітага хлопца, якога грузілі ў аўтазак. Падрабязнасці высвятляюцца.

Таксама ў Гродне ў тралейбусе затрымалі актывіста Яўгена Дудкіна. Ён быў каля РАУС са сцягам.

Ёсць відэа, як жанчыны каля аднаго з дамоў у Гродне спрабуюць адбіць у міліцыі затрыманага, але беспаспяхова.

У Гомелі падчас вечаровага шэсця затрымалі актывіста Уладзіміра Няпомняшчых.

У Бабруйску затрымалі мужа бабруйскай журналісткі «Вячэрняга Бабруйска» Ірыны Хамрэнка-Ушаковай Івана Хамрэнку. Яны былі на ланцугу салідарнасці каля ГЦ «Карусель». Зараз ён знаходзіцца ў будынку УУС Бабруйскага гарвыканкама.

У Магілёве днём быў затрыманы Валерый Вярбіцкі. Ён разам з жонкай і маленькім сынам ішоў па Першамайскай вуліцы, на плячах у яго быў бел-чырвона-белы сцяг. Раптам каля іх спынілася аўто, з яго выскачылі двое супрацоўнікаў у цывільным, не прадстаўляючыся і без тлумачэнняў, груба адштурхнулі жанчыну і дзіця, моцна напалохаўшы іх, скруцілі Валерыя і запіхалі ў машыну. Па стане на 10 вечара з РАУС яго так і не адпусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0