У Літву прыехалі двое гукарэжысёраў з Беларусі, якія асцерагаюцца рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў, піша Delfi.
Фота Надзеі Бужан.
30-гадовы гукарэжысёр Уладзіслаў Сакалоўскі сказаў, што з'ехаў з Беларусі, паколькі баіцца надоўга трапіць у турму.
Сакалоўскі і яго 27-гадовы калега Кірыл Галанаў праславіліся пасля таго, як 6 жніўня падчас свята ў Кіеўскім скверы ўключылі легендарную песню В.Цоя «Перамен».
На наступны дзень яны атрымалі па 10 сутак арышту за хуліганства і аказанне супраціву праваахоўнікам.
«Пасольства Літвы прапанавала нам дапамогу 6 жніўня адразу пасля здарэння. Калі нас выпусцілі, амбасада зноў з намі звязалася. Мы вырашылі скарыстацца прапанаванай дапамогай», — сказаў Сакалоўскі.
Ён прыехаў у Літву 22 жніўня.
«Я хачу падзякаваць літоўцам за падтрымку, асабліва тым, хто нам дапамог і прытуліў. Мы атрымалі больш дапамогі, чым спадзяваліся», — сказаў Сакалоўскі.





