У Варшаве прайшла нарада прэм’ера Матэвуша Маравецкага з прадстаўнікамі ўсіх парламенцкіх партыяў Польшчы. Па выніках сустрэчы Маравецкі заявіў, што па пытанні Беларусі на польскай палітычнай сцэне дасягнуты кансэнсус, піша Wyborcza:
— Беларусь павінна быць незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай. І падчас сустрэчы мы пагадзіліся, што нашыя дзеянні правільныя. Свабодная Беларусь — гэта частка польскіх нацыянальных інтарэсаў.
У першую чаргу Польшча канцэнтруецца на дапамозе рэпрэсаваным ды іх сем’ям, спрашчэнні візавага рэжыму, асабліва для студэнтаў.
Маравецкі таксама нагадаў, што ўжо некалькі беларускіх дзеячаў змаглі скарыстацца спрошчаным уездам у Беларусі. Польшча разважае магчымасць стварэння платформы дыстанцыйнага навучання для беларускіх студэнтаў, якіх адлічылі з беларускіх універсітэтаў праз іх грамадзянскую пазіцыю.
Прэм'ер-міністр Польшчы ў чарговы раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, у прыватнасці Матэвуш Маравецкі ўзгадаў затрыманых чальцоў Каардынацыйнай Рады.
Падчас перамоваў кіраўніка ўрада і польскай апазіцыі закраналася таксама тэма польскай меншасці ў Беларусі. Прэм’ер Маравецкі заявіў, што абмеркаваў становішча палякаў у Беларусі са Святланай Ціханоўскай.





