Затрыманне на Плошчы Незалежнасці ў Мінску. Фота: Tut.by.
У Мінску і іншых гарадах Беларусі 26 жніўня працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, пройдуць суды над затрыманымі напярэдадні грамадзянамі, паведамляюць праваабаронцы.
Учора ў Мінску адміністрацыйным арыштам быў пакараны Ягор Літвінка за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Быў затрыманы 24 жніўня, змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на 7 сутак.
Старшыні страйкавага камітэта Мінскага завода колавых цягачоў Аляксандру Лаўрыновічу далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведаміў яго адвакат.
— Яго абвінавачваюць паводле часткі 1 і 2 артыкула 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта за ўдзел у мітынгу 23 жніўня і за тое, што ён на тэрыторыі завода збіраў подпісы і праводзіў незаконныя сходы, — распавядае адвакат. — Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна.
Вечарам супрацоўнікі АМАПа жорстка разагналі ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Частку людзей — каля ста чалавек - - гвалтоўна ўтрымлівалі ў Чырвоным касцёле. Праваабаронцам паступае інфармацыя пра затрыманых. Пакуль вядома пра некалькіх пратэстоўцаў.
Спіс затрыманых на плошчы Незалежнасці:
Антон Уласенка;
Антон Шыбанаў;
Аляксандр Байбак;
Аляксей Супранюк;
Антон Шаўлікаў;
Андрэй Емяльянаў;
Павел Каваленка;
Павел Дзенісовіч;
Арцём Лысакоўскі;
Артём Святаслававіч;
Дзяніс Сачышын;
Глеб Рэут;
Ігнат Кірэеў, 20.12.1988 нараджэння.
Паведамляецца, што затрыманых даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска.
На некаторы час у Мінску блакаваўся інтэрнэт па загадзе ўладаў.
Суд Першамайскага раёна Мінска
Затрыманыя 25 жніўня каля плошчы Незалежнасці ў Мінску Іван Цуранаў і Аляксей Сарычаў атрымалі 8 і 10 сутак арышту адпаведна.
Суд Маскоўскага раёна Мінска
Справу Г. Валчэцкага разглядае суддзя Т. Мотыль. Суд па скайпе. 25 жніўня прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Мінску (арт 23.34 КаАП). Віну прызнае. Пастанова — 8 сутак арышту.
Таксама ў гэтым судзе разглядаюцца адміністрацыйныя справы Ігара Сінкаўца, Георгія Пяшчанскага, А. Ісачанка, Я. Кожыча і А. Бродскага.
Справу Георгія Пяшчанскага, іераманаха мужчынскага Спаса-Праабражэнскага манастыра, разглядаў суддзя С. Кацэр. А 17:00 Пяшчанскі выехаў з кляштара, а 19:00 зайшоў у фірму па продажы квіткоў, пайшоў чакаць аўтобус, які павінен прыйсці а 22:00. Прыйшоў да аўтобуса ў 21:50. У аўтобус заскочылі хлопцы і схапілі яго. Прывезлі ў Маскоўскі РУУС. Пастанова - 7 сутак арышту.
Суддзя Малашэнка разглядала справу Яна Кожыча. Пастанова - 9 сутак арышту.
Суд Савецкага раёна Мінска
Прызначаны разгляд справы Ігара Абрубава, затрыманага ў Мінску 25 жніўня.
Салігорск
У Салігорску раніцай 26 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцу БХК Леаніда Мархотку. Людзі ў цывільным чакалі яго на вуліцы, схапілі, пасадзілі ў аўтамабіль і звезлі ў невядомым накірунку. Стала вядома, што на Мархотку склалі пратакол за нібыта парушэнне парадку правядзення мітынгу (арт. 23.34 ч. 1) і адпусцілі да суда. Суд адбудзецца сёння ў 14:15. Пасяджэнне адкрытае, усе жадаючыя могуць яго наведаць і падтрымаць Леаніда. Па словах Мархоткі, пры затрыманні міліцыя паводзіла сябе вельмі карэктна. Пастанова - штраф 25 базавых велічынь.
Гродна
У Горадні за ўдел у «незаконным масавым мерапрыемстве» 26 жніўня асуджаны да выплаты штрафу ў памеры 135 рублёў сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін. Ягоныя калегі Дзьмітрый Садоўскі і Леанід Дзіскавец аштрафаваныя на 270 рублёў кожны, Васіль Кананчук на 675 рублёў, паведамляе Радыё Свабода.
Грамадскага актывіста, сябра БХД Сяргея Верамеенку выклікалі на допыт у якасці сведкі ў мясцовае ўпраўленне Следчага камітэта для «правядзення следчых і працэсуальных дзеянняў».
Як стала вядома Hrodna.life 25 і 26 жніўня ў праваахоўныя органы ў якасці сведак выклікалі некалькі чалавек: Сяргей Верамеенка, у краме якога 25 жніўня быў ператрус; Уладзімір Пруднікаў, Дзяніс Швыркін, Ульяна Ляскевіч, Дзмітрый Бандарчук, Ежы Грыгенча, а таксама журналісты Аляксей Кайрыс, Ігар Рэмзік і Сяргей Людкевіч. 27 жніўня з’явіцца ў Следчы камітэт павінен таксама Сяргей Вялічка.
Справа заведзена паводле артыкула 342 КК Беларусі — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Яго расследуе Следчы камітэт па Гродзенскай вобласці.
Віцебск
Сёння ў Віцебску ў раёне гадзіны дня на праспекце Будаўнікоў былі гвалтоўна затрыманыя трое ўдзельнікаў Ланцугу салідарнасці. Аднаго з іх клічуць Андрэй Вячаслававіч Дробышаў. Прозвішчы яшчэ двух — невядомыя.
Масты
Сёння каля 9 ранку ў Мастах у кватэру Віктара Царыкевіча прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго яго забралі ў мясцовы РАУС.
Жодзіна
У Жодзінскім гарадскім судзе разглядаецца адміністрацыйная справа ўдзельніка акцыі пратэсту Андрэя Грабко.
У другой палове дня ў Жодзіна затрымалі Дзмітрыя і Юлію Крупу (муж і жонка).
Баранавічы
У доме Тамары Патоцкай (давераная асоба Святланы Ціханоўскай) зараз праводзіцца ператрус, паведамляе яе муж. Сама Тамара адсутнічае, у дачыненні да яе суддзя выносіла прывод у міліцыю ў рамках арт.17.1 КаАП.
Добруш
Тут сёння быў затрыманы ўдзельнік учарашняй акцыі пратэсту Станіслаў Мазачаў. Яго даставілі ў мясцовы РАУС, верагодна для складання пратаколу.
У Ваўкавыску затрыманы Аляксандр Навасад. Падстава — удзел учора ў мітынгу.
Бяроза
Бярозаўскія міліцыянты склалі сёння пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт 23. 34 КаАП РБ на журналістку Тамару Шчапёткіну, зрабіўшы яе арганізатарам і ўдзельніцай Марша ў памяць закатаваных, які адбыўся ў Бярозе 23 жніўня. Пра пратакол журналістка даведалася, калі ішла па горадзе, дзе яе дагналі міліцыянты і прапанавалі падпісаць пратакол.





