«Я — салдат, які бараніў краіну, разбураную НАТА, Ватыканам і міжнароднай мафіяй», — заявіў у Гаазе сербскі генерал Ратка Младзіч, асуджаны на пажыццёвае зняволенне за масавае знішчэнне мірнага насельніцтва Босніі. У сераду завяршыліся слуханні па яго апеляцыі, піша bbc.com.
«Я прафесійны вайсковец, і я служыў і ў мірны, і ў ваенны час сваёй краіне, разбуранай НАТА […] Я не святы, я просты чалавек, я казаў гэта шмат разоў — вера прымусіла мяне ўстаць на абарону сваёй краіны, якая разбураная намаганнямі НАТА пры дапамозе Ватыкана і міжнароднай мафіі», — сказаў 78-гадовы Ратка Младзіч у кароткай і сумбурнай прамове пасля заканчэння двухдзённых слуханняў па дзвюх апеляцыях на яго прысуд.
Былы камандуючы арміяй баснійскіх сербаў Младзіч абвінаваціў баснійскіх мусульман у тым, што яны не выконвалі пагадненні аб дэмілітарызаваных зонах, у лік якіх, па словах Младзіча, уваходзілі і Срэбраніца, і Сараева — гарады, за забойства мірных жыхароў якіх ён асуджаны.
Адвакат Младзіча даводзіў суддзям, што салдаты генерала Младзіча забівалі мірных жыхароў без яго ведама.
«Цяжка сабе ўявіць больш недвухсэнсоўны выраз генацыдальных намераў, чым заяву Младзіча: «Мой клопат - каб яны цалкам зніклі». Калі мы ацэньваем яго словы разам з яго дзеяннямі […] мы можам зрабіць толькі адну выснову: Младзіч меў намер фізічна знішчыць баснійскіх мусульман ва ўсіх гэтых муніцыпалітэтах», — сказала пракурор, назваўшы Младзіча «адным з галоўных і найгоршых злачынцаў» сярод тых, каго судзілі ў Гаазе.
Пасля вайны ў Босніі Ратка Младзіч доўга хаваўся ў Сербіі, але ў 2011 годзе, пасля звяржэння Слабадана Мілошавіча, быў арыштаваны і выдадзены ў Гаагу. Суд над ім цягнуўся пяць гадоў.





