У гарадах Беларусі выстройваюцца чэргі ахвотных адклікаць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Актыўная праца ідзе і па акрузе Генадзя Давыдзькі. Ён расказаў «Нашай Ніве», як ацэньвае актыўнасць па сваім адкліканні.
На думку Давыдзькі, збор подпісаў за адкліканне дэпутатаў справакаваны замежнымі сіламі, зацікаўленымі ў развале дзяржавы. Давыдзька хоча верыць, што гэтая ініцыятыва ні да чаго не прывядзе.
«Большасць маіх выбарцаў настроены супраць таго, каб мяне адклікаць. Я ўпэўнены, што тыя, хто хоча мяне адклікаць, за мяне і не галасавалі, або ўвогуле на выбарах не былі», — сказаў Давыдзька.
Да таго, што адбываецца, ён ставіцца спакойна, але нюансы ёсць.
«Канечне, непрыемна бачыць у інтэрнэце свой твар, перакрэслены чырвонай стужкай. Непрыемна атрымліваць рассылку: «Хутка мы цябе павесім, гад». Гэта ўсё яны ж, я думаю.
Гэта непрыемна, але я буду і далей змагацца за правы тых людзей, якія жывуць, хочуць працаваць у стабільнай, незалежнай дзяржаве», — рэзюмаваў Давыдзька.





