Лукашэнка сёння на нарадзе распавёў, што Беларусь вядзе з Расеяй перамовы аб рэфінансаванні 1 млрд даляраў доўгу, піша Tut.by.
— Мы дамовіліся з прэзідэнтам Расеі, і сёння наш прэм'ер-міністр правядзе перамовы з Міхаілам Мішусціным (прэм'ер-міністрам Расіі) наконт рэфінансавання.
Ён удакладніў, што гаворка ідзе аб рэфінансаванні ў бягучым годзе 1 млрд даляраў з доўгу перад Расіяй.
— Гэта значыць, мы ў сябе гэты мільярд даляраў, дамовіўшыся з Расеяй, пакінем. І гэта будзе добрае падмацаванне нашай нацыянальнай валюты — канстатаваў Лукашэнка.
Па яго словах, значныя валютныя паступленні чакаюцца ад экспарту: «Зараз наш экспарт пайшоў нядрэнна, асабліва ў РФ, КНР. А экспарт — гэта паступленне валюты».
— Мы перажылі гэтыя выбары, мы перажылі заклікі да страйкаў (не ўдалося людзей падняць). Мы перажылі бліцкрыг на вуліцах, калі яны 9-10-га хацелі задушыць краіну. Мы гэта ўсё перажылі. Перажывем і гэта, — аптымістычна заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, дзярждоўг Беларусі на 1 ліпеня 2020 года склаў 52,6 млрд рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з пачаткам года на 17,5%. Знешні дзярждоўг дасягнуў 18 млрд даляраў (прырост на 5,3%).





