Сёння ў цэнтры Мінска зноў пачалі збірацца пратэстоўцы.
Да прысутных на плошчы Свабоды людзей выйшлі сілавікі і заклікалі прысутных разысціся. Некалькі тысяч дэманстрантаў рушылі ад плошчы Свабоды ў кірунку плошчы Незалежнасці.
Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by.
Раней на Плошчы Свабоды каля 20 журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым кірунку нібыта для праверкі дакументаў.
Пасля таго, як удзельнікі акцыі дайшлі да Чырвонага касцёла, сілавікі перасталі пускаць вернікаў (у тым ліку тых, хто ў акцыі не ўдзельнічаў) у касцёл.
Ля Чырвонага касцёла сабраліся каля 2 тысяч чалавек. На тэрыторыі ёсць міліцыя і АМАП.
На Плошчу выбеглі сілавікі, людзі часткова пачалі разыходзіцца.
У 19:20 сілавікі ачапілі плошчу Незалежнасці і не выпускаюць людзей. У акружэнне трапілі каля тысячы людзей. Некаторых мужчын затрымалі, у тым ліку журналістаў. Характэрна, што расійскіх прапагандыстаў з RT адпускаюць на месцы.
З натоўпу па адным спакойна выводзяць хлопцаў і вядуць у аўтазак. Астатнія стаяць, сілавікі перыядычна перагрупоўваюцца. Карэспандэнт «Нашай Нівы» ацэньвае колькасць затрыманых у сотні.
Чытайце таксама: На плошчы Незалежнасці затрымалі больш за 150 чалавек. Затрыманні, ператрусы і суды працягваюцца і ў іншых гарадах





