Праваабаронцам паведамілі пра затрыманне раніцай 28 жніўня юнай дзяўчыны Аляксандры Шкаруба. Каля 11 раніцы да яе дадому заявіліся супрацоўнікі Ленінскага РАУС і запатрабавалі праехаць з імі.
У міліцыі студэнтцы БРУ прад’явілі прэтэнзіі за ўдзел у мірнай акцыі — яе нібыта вылічылі па відэа, на якім было відаць, што ў яе быў сцяг.
Адразу пасля гэтага на адрас Шкаруба паляцелі абразы і пагрозы. Яе называлі «ўтрыманкай» і абяцалі, што будуць спрыяць яе вылету з універсітэта.
Таксама яны патрабавалі інфармацыю пра акцыі пратэсту ў Магілёве і іх удзельніках. У адваротным выпадку дзяўчыне пагражалі спачатку штрафамі або арыштам на некалькі сутак, а пасля — турмой. Ад Шкаруба запатрабавалі, каб яна падпісала паперу з абавязацельствам не ўдзельнічаць у мірных акцыях. Акрамя таго, ёй выпісалі позву ў Ленінскі РАУС на 29 жніўня, куды павінен прыйсці пракурор.
Сваякі Аляксандры маюць намер абскардзіць дзеянні міліцыі ў пракуратуры.
28 жніўня праваабаронцам паведамілі пра знікненне Аляксандра Іванькова.
Ён быў затрыманы невядомымі яшчэ 25 жніўня прыблізна 16 гадзін на мосце па праспекце Дзімітрава. Паводле яго блізкіх, у яго пры сабе быў сцяг.
На працягу трох сутак супрацоўнікі міліцыі адмаўлялі, што Іванькоў знаходзіцца ў іх. У Ленінскім РАУС сцвярджалі, што ён утрымліваецца ў ІЧУ, аднак у ізалятары заяўлялі, што ў іх няма такога чалавека.
Толькі пасля публікацыі інфармацыі пра знікненне Аляксандра Іванькова ў інтэрнэце і пачатку масавага тэлефанавання ў Ленінскі РАУС, мужчына нечакана «знайшоўся» ў ізалятары часовага ўтрымання.
Па словах дзяжурнага, Іванькоў арыштаваны на пяць сутак. Артыкул, па якім судзілі Іванькова, назваць адмовіліся.





