Доктар Ігар Таболіч з нявестай Аленай Несцер выйшлі ў горад 29 жніўня. У гэты дзень доктара і затрымалі.

Ігар Таболіч

Ігар Таболіч

«Мы выйшлі ў суботу на плошчу Перамогі, дзе планаваўся Марш жанчын.

Прыкладна ў 15:15 мы стаялі ў метрах трох ад жанчын. У Ігара быў бел-чырвона-белы сцяг. І як толькі Ігар накінуў сцяг на плечы, да нас падыйшлі невядомыя сілавікі ў чорным, сказалі: прайдзіце з намі», — згадвае Алена.

Алена Несцер

Алена Несцер

Ігар не супраціўляўся, спакойна пайшоў з сілавікамі. Пад’ехаў мікрааўтобус без нумароў, Алену адштурхнулі, Таболіча пасадзілі ўнутр.

«І ўсё. Пасля мы не ведалі, дзе ён, што з ім. Увесь дзень мы ездзілі па РАУСах, ніхто нічога не казаў. Толькі праз пяць гадзін пошукаў мы даведаліся, што Ігар у Першамайскім РАУСе. Пазванілі туды, нам адказалі: Ігара перавядуць на Акрэсціна, будуць пасля судзіць», — расказвае Алена.

Таболіча абвінавацілі ў стандартных правапарушэннях: удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і нібыта супраціўляся міліцыі.

31 жніўня прайшоў суд. Таболічу далі штраф памерам 25 базавых.

Ігар і Алена пазнаёміліся 4 гады таму ў дзіцячым лагеры пад Мінскам — абое былі там важатымі. Вясной Ігар Таболіч зрабіў Алене прапанову рукі і сэрца, а ў пачатку верася у іх плануецца вяселле. Невялікае, чалавек на 30, бо каранавірус, кажа Алена.

Ігар — анэстэзіёлаг-рэаніматолаг у мінскай бальніцы №1. Раней Таболіч працаваў вайсковым доктарам, больш за 6 гадоў служыў у Мар’інай Горцы, мае нават званне капітана.

Алена — настаўніца той самай сумнавядомай гімназіі №39. Нагадаем, ў інтэрнэт трапіў запіс, на якім старшыня камісіі (яна ж і дырэктарка гімназіі) Ірына Місявец дрэсіруе членаў камісіі называць патрэбныя лічбы падчас падліку галасоў. Пазней Місявец сказала, што гэта была проста рэпетыцыя, а лічбы выдуманыя.

«Я працавала настаўніцай англійскай мовы, але цяпер звальняюся, — кажа Алена Несцер. — Адна з прычын — тая «слава» вакол гімназіі пасля публікацыі аўдыя з дырэктарам. Сысці хацела даўно, рашылася вось цяпер.

Дарэчы, мая калега прысутнічала ў камісіі і якраз зрабіла той запіс. Яна казала, што гэта была зусім не рэпетыцыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?