Днямі з рэдакцыяй «Нашай Нівы» звязаўся хлопец, якога нібыта звольнілі з «Бігза» праз тое, што ён правёў у ІЧУ Жодзіна чатыры дні і не выйшаў у гэты час на працу. У краме тады адмовіліся ад каментароў.

У выніку выявілася, што гісторыя пра затрыманне праўдзівая, але расповед пра звальненне — хлусня. Былы ахоўнік Ян Чуркін прызнаўся ў гэтым карэспандэнту «Нашай Нівы».

«Нас з сябрам затрымалі ноччу 10 жніўня, калі мы вярталіся дамоў ад сяброўкі, — расказвае Ян. — Затрымліваў «Алмаз». Калі мы ўбачылі побач сябе людзей у чорным, то кінуліся бегчы, але раптам пачулі: «Стаяць, а то страляць буду!» Пры затрыманні мне, дарэчы, збілі плячо, абедзве нагі, спіну і выбілі пломбу з зуба.

Потым кінулі ў аўтазак, дзе ўжо і так столькі людзей было, што мы ляжалі ў тры рады. У аўтазаку сілавікі нам таксама крычалі: «Не варушыцеся, а то мы вас заб’ём, як вы забілі нашага». Відаць, тады сярод сілавікоў пусцілі чуткі, што дэманстранты забілі некага «з іх». 

Спачатку нас даставілі ў РУУС, дзе мы 10 гадзін ляжалі тварам у падлогу. Там асабліва запомнілася жанчына ў форме, якая сачыла, каб мужчыны не закрываліся ад дубінак, калі іх б'юць. Потым перавезлі ў Жодзіна, дзе мяне асудзілі на чацвёра сутак. 

Пацешна, што пасля выхаду з ІЧУ мне далі рахунак за харчаванне ў ізалятары. 54 рублі я павінен заплаціць за бохан хлеба і некалькі порцый, якія дзяліліся на траіх», — распавядаў Ян Чуркін пра затрыманне. 

«У панядзелак, 17 жніўня, я выйшаў на працу, дзе мне сказалі, што ў аддзеле кадраў я магу забіраць дакументы. Працаваў я ахоўнікам у «Бігзе», што ў Каменнай Горцы.

Начальнік патлумачыў мне, што звальняе за тое, што я не выйшаў на працу гэтыя чатыры дні, хоць і павінен быў. Калі я растлумачыў яму сітуацыю, той сказаў, што ўсё, што адбываецца, яго не хвалюе. Маўляў, замены з аховы мне няма, трэба трымацца за працу», — упэўнена расказваў хлопец журналісту «Нашай Нівы». 

У той дзень пракаментаваць звальненне супрацоўніка ў аддзеле кадраў «Бігза» адмовіліся: «Такую інфармацыю нам забараніў выдаваць начальнік».

Але пасля публікацыі з намі звязалася начальніца юрыдычнага аддзела «Бігза» Наталля Трафімовіч: «Ян сапраўды працаваў у краме ахоўнікам, але гэта было яшчэ ў лютым 2020 года. У сакавіку супрацоўнік быў звольнены».

— Напэўна, я штосьці паблытаў, — пракаментаваў свае словы Ян.

— Вы паблыталі паўгода? Вы кажаце, што гэта было ў жніўні, а насамрэч усё адбывалася яшчэ ў сакавіку?

— Ну вось так вось я сказаў. Схлусіў, атрымліваецца.

— А навошта вы гэта зрабілі?

— Не ведаю.

«Наша Ніва» прыносіць прабачэнні сетцы крамаў «Бігз» за распаўсюд недакладнай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?