У прапагандысцкім фільме беларускага тэлебачання «Пратэст навыварат» з'явіўся каментар уладальніка кавярні «У дзеда» Аляксандр Бажко. Гэта месца недалёка ад стадыёна «Дынама» ведаюць дзякуючы аўтарскай каве па-бедуінску і шматлікім рарытэтным рэчам, якія ўпрыгожваюць інтэр'ер.
Аляксандр Бажко на скрыншоце з відэа
У фільме Аляксандр расказвае нейкую гісторыю, якую складана зразумець без кантэксту:
«Ну, што вы працуеце? Заўтра прыйдзем, разграмім кавярню», — вось так вось казалі. Прымушалі не працаваць. Я кажу: «А ты што-небудзь зрабіў у жыцці добрага? Наогул, добра падумаў?»
Гэтая рэпліка павінна была дэманстраваць ціск на людзей, якія падтрымліваюць уладу. У выпадку з Аляксандрам і кавярняй — нібыта іх прымушалі баставаць.
«Наша Ніва» звязалася з Аляксандрам, каб даведацца падрабязнасці гісторыі. Ці сапраўды яму нехта пагражаў, калі ён не зачыніцца?
Прыводзім яго адказы цалкам:
— Яны ўсё выдумалі, карэспандэнты. Я такога не казаў.
— Але ваша рэпліка выкарыстоўвалася ў сюжэце.
— Да мяне прыйшлі, назваліся, што яны з НТВ, але я такое не казаў.
— Давайце я вам зачытаю цытату і дашлю спасылку на сюжэт, там жа ваш голас.
— Дык што вы хочаце? Я такі каментарый не даваў, я такое ім не казаў.
— Дык вашу кавярню нехта пагражаў разграміць?
— Не. Не ведаю, як яны зрабілі відэа. Я адразу ім сказаў: на такія правакацыйныя пытанні адказваць не буду. Адкуль гэты матэрыял? Яны што, выходзіць, мяне падманулі? Яны мне назваліся карэспандэнтамі НТВ. Як гэта аказалася на беларускім тэлебачанні? Чорт ведае што… І верыць ім, карэспандэнтам?
— То-бок яшчэ раз: вам пагражалі?
— Не. І для тэлебачання я ўвогуле не казаў ні пра якія пагрозы мне. Больш я на гэтую тэму не хачу размаўляць.
Уладальнік кавярні «У дзеда» Аляксандр Бажко ў мінулым — афіцэр, выйшаў у адстаўку ў 1992 годзе. Пасля заняўся рэстараннай справай. Меў справу да кіравання клубам «Чорны лімон», працаваў у «Сытым таце», пасля адчыніў сваю кавярню, якая стала культавым месцам для беларусаў і турыстаў.





