У інтэрнэце з'явіліся фота дакумента за подпісам кіраўніка МУС Юрыя Караева ў пастаянную камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў. Ён змяшчае прапановы па зменах Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, якія прадыктаваны «неабароненасцю супрацоўнікаў унутраных спраў падчас разгляду спраў аб адміністратыўных парушэннях».
— Судовыя пасяджэнні з'яўляюцца адкрытымі, дзе прадстаўнікамі дэструктыўных сіл, СМІ і іншымі асобамі вядзецца аўдыя-, фота-, відэафіксацыя працэсу. Атрыманая інфармацыя з персанальнымі звесткамі супрацоўнікаў і іх фатаграфіямі ў апошні час нярэдка размяшчаецца ў сетцы Інтэрнэт з заклікамі аказання псіхалагічнага і фізічнага ціску на службовых асоб органаў унутраных спраў і іх сем'яў, — гаворыцца ў дакуменце.
Таму галоўнае патрабаванне МУС — зрабіць разгляд спраў закрытым, а таксама дазволіць замяняць сапраўдныя звесткі пра ўдзельнікаў працэсу на несапраўдныя, калі гэтага патрабуе бяспека. Па рашэнні суда сведка, эксперт або пацярпелы ўвогуле могуць не з'яўляцца на суд: будзе дастаткова агучыць паказанні або прадаставіць аўдыя- ці відэазапіс, на якім голас і знешнасць зменены да непазнавальнасці.
Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава пацвердзіла Onliner.by сапраўднасць дакумента і пракаментавала ініцыятыву ведамства:
— Пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу часта ўзнікаюць складанасці з абаронай асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, у тым ліку службовых асоб дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць службовую дзейнасць. Аднак, як распавялі ў ГУАПП МУС, змены і дапаўненні, якія прапануецца ўнесці ў праект ПВКаАП, накіраваныя на абарону любога ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу. Да іх адносяцца не толькі службовыя асобы, якія вядуць гэты працэс, але і грамадзяне, якія бяруць у ім удзел. Гэта ў першую чаргу сведкі, пацярпелыя, на якіх падчас разгляду справы аказвацца ціск у мэтах змены імі паказанняў. Прапанаваныя меры бяспекі датычацца таксама членаў сем'яў, блізкіх сваякоў і маёмасці.





