Еўрапарламент большасцю галасоў на сённяшнім пасяджэнні падтрымаў рэзалюцыю, якая заклікае структуры Еўрапейскага саюза ўвесці жорсткія санкцыі супраць прадстаўнікоў уладаў Беларусі.

Еўрапейскія парламентарыі прагаласавалі за прыняцце праекта рэзалюцыі, у якой не прызнаюцца вынікі выбараў 9 жніўня, якія, як сказана ў дакуменце, прайшлі з грубымі парушэннямі міжнародных стандартаў. Таксама рэзалюцыя кажа пра непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі пасля заканчэння яго цяперашняга тэрміну.

У рэзалюцыі вітаецца дзейнасць Каардынацыйнай рады на чале са Святланай Ціханоўскай, названай «пераходным прадстаўніцтвам народа» і адкрытай да дыялогу з усімі палітычнымі і грамадскімі сіламі. Рэзалюцыя заклікае кіраўніцтва ЕС аказваць садзейнічанне радзе, а таксама патрабуе неадкладнага вызвалення яе членаў, якія знаходзяцца пад вартай.

У прынятай рэзалюцыі гаворыцца, што Еўрапарламент падтрымлівае народ Беларусі і яго заклікі да правядзення свабодных і сумленных выбараў, а таксама лічыць неабходным урэгуляваць крызіс мірным шляхам пры падтрымцы незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Дакумент заклікае неадкладна вызваліць палітвязняў і ўсіх асоб, якія падвергліся адвольным затрыманням і знаходзяцца зараз пад вартай, а таксама правесці незалежнае расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і звязанай з пратэстамі гібелі людзей.

Таксама парламентарыі заклікаюць кіраўніцтва ЕС і краін, якія ўваходзяць у саюз, распрацоўваць кропкавыя санкцыі ў дачыненні да тых, хто нясе адказнасць за гвалт сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян, а таксама фальсіфікацыю выбараў, у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама некаторых грамадзян Расіі, якія аказваюць падтрымку беларускаму рэжыму.

Дакумент заклікае адмовіцца ад фінансавай падтрымкі беларускага рэжыму, у тым ліку крэдытавання па лініі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, адначасова з гэтым падтрымліваючы праваабаронцаў, актывістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі. Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць падтрымаць грамадзян нашай краіны, якія звяртаюцца за сховішчам ў ЕС, студэнтаў, адлічаных з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Прынятая рэзалюцыя адносіцца да разраду «незаканадаўчых», яна носіць рэкамендацыйны характар, неабавязковая да выканання інстытутамі ЕС і ўрадамі дзяржаў-членаў, але служыць для іх палітычным арыенцірам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0