Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) правяла пасяджэнне ў Цюрыху. Адным з пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, стала сумеснае правядзенне Мінскам і Рыгай чэмпіянату свету 2021 года.

Раней урад Латвіі накіраваў у ІІХФ ліст, у якім указаў, што краіна не жадае прымаць форум сумесна з Мінскам на фоне палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

«ІІХФ глыбока занепакоеная нядаўнімі падзеямі, што разгортваюцца ў Мінску, але арганізацыя з'яўляецца спартыўнай федэрацыяй, а не палітычнай адзінкай, і не можа перанесці турнір па палітычных прычынах. Аднак ІІХФ нясе адказнасць за тое, каб кожны з арганізатараў турніру мог гарантаваць здароўе і бяспеку гульцоў, афіцыйных асоб і гледачоў. Гэта выключны сезон, сёння нам ужо прыйшлося адмяніць некалькі турніраў з-за COVID-19, — сказаў кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазел. — Ёсць шмат фактараў, якія могуць паўплываць на магчымасць правядзення чэмпіянату свету, і нам трэба час, каб ажыццявіць комплексны падыход да вывучэння таго, як гэты турнір можа быць праведзены бяспечна».

ІІХФ прыняла рашэнне аб фарміраванні экспертнай групы, якая зоймецца ўсебаковым маніторынгам сітуацыі вакол турніру. Групе будзе даручана скласці падрабязную справаздачу аб сітуацыі вакол чэмпіянату свету 2021 года і прадставіць яго Савету ІІХФ на наступным пасяджэнні ў лістападзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0