Многія скардзяцца, што апошнія месяцы не могуць чытаць нічога, акрамя навін. А між тым пад’ехала добрае чытво на вечар пасля цяжкага выхаднога дня. У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла тры дэбютныя кнігі выпускніц «Школы маладога пісьменніка».

Адна з іх — «Чаму ўсё так?» Таццяна Карытка. Аўтарцы 29 гадоў, яна родам з Магілёва, але з 18 гадоў жыве ў Мінску.

Таццяна — эканаміст, працуе бухгалтарам у EPAM. Кажа, што калі не працуе, то чытае або піша (да слова, аўтарка класна каментуе прачытаныя кнігі ў сваім фэйсбуку, такі якасны, трапны кніжны блогінг). Адна з любімых тэм у літаратуры — універсітэцкія раманы. «Відаць, таму, што ў мяне няма філалагічнай адукацыі, але заўжды хацелася», — кажа Таццяна.

Вокладку для кнігі стварыла сама Таццяна. «Фота гэтай інсталяцыі я зрабіла ў час падарожжа па Францыі, у горадзе Кан. Калі я дакладна памятаю, яна знаходзіцца на тэрыторыі Канскага замка. Там шмат было дзіўных твораў мастацтва, але ад гэтай дзяўчынкі складана было адарваць погляд. І калі я думала над вокладкай, я зноў успомніла гэтую дзяўчынку на фоне даху і вырашыла, што лепш не прыдумаеш». Фота з фэйсбука Таццяны Карытка.

Вокладку для кнігі стварыла сама Таццяна. «Фота гэтай інсталяцыі я зрабіла ў час падарожжа па Францыі, у горадзе Кан. Калі я дакладна памятаю, яна знаходзіцца на тэрыторыі Канскага замка. Там шмат было дзіўных твораў мастацтва, але ад гэтай дзяўчынкі складана было адарваць погляд. І калі я думала над вокладкай, я зноў успомніла гэтую дзяўчынку на фоне даху і вырашыла, што лепш не прыдумаеш». Фота з фэйсбука Таццяны Карытка.

Дэбютная кніга пісьменніцы «Чаму ўсё так?» — гэта якасная вострасюжэтная псіхалагічная аповесць. Збіралася напісаць «жаночая вострасюжэтная псіхалагічная аповесць», але рука завісла над клавіятурай. З чаго б гэта — бо галоўныя гераіні жанчыны? Але мы з цікавасцю чытаем пра герояў мужчын, чаму б і мужчынам пра нас не пачытаць. Дык вось — вострасюжэтная псіхалагічная аповесць. Але гэта толькі абалонка. У кнізе шмат слаёў.

У першым — аповед пра здымкі рэаліці-шоу. На піку нацыянальнага абуджэння беларускае тэлебачанне здымае аналаг праграмы «Халасцяк». На загадкавага рэдактара Славу прэтэндуюць чатыры дзяўчыны: крутога нораву Каця, ціхмяная Яся — «майстар кароткіх рэплік», Лёля, што хоча ўсім падабацца, і Соня з няўдалым досведам сямейнага жыцця. Адна з іх — галоўная гераіня. Хто? Даведаецеся. У апошнім раздзеле…

На здымках адкрываюцца асабістыя гісторыі кожнай гераіні, сакрэты, шкілеты — карацей, усё, чаго патрабуе рэаліці-шоу і добрая кніжка на вечар.

У другім слаі аповесці — гісторыя сталення ў 1990—2000-я. Вельмі асабістая, з дзіўнымі характэрнымі дэталямі (гераіня ўспамінае, як кожны дзень, прыйшоўшы са школы, павінна была цалкам пераадзявацца. «Успамін не даваў спакою: у чым была патрэба пераадзяваць трусы? Хто гэта прыдумаў: мама ці сама Яська? І калі гэта практыка спынілася?..»). Аповесць поўная адсылак на тыя дзіўныя часы, і я, аднагодка аўтаркі, памятаю ўсё гэта вельмі выразна: фільм «Чаго хочуць жанчыны», вобраз Алсу ў кліпе «Зімні сон», пакуначак з налепкамі «Барбі», якія ўклейваліся ў спецыяльны альбом… А зашчаміла мне, калі гераіня ўспомніла серыял пра выратавальніц з такой прыгожай Памэлай Андэрсан у галоўнай ролі. Пад серыял гераіня есць вафлю «Віцьба» ў шакаладнай глазуры, і найбольшае майстэрства — расцягнуць яе на ўсе 60 хвілін серыі.

У трэцім слаі аповесці аўтарка прапануе паназіраць за гульнямі нашай падсвядомасці. Гэта, бадай, самы захапляльны слой. Сапраўдную чытацкую сатысфакцыю атрымліваеш, калі злучаеш нітачкай факт рэальнасці і яго адбітак у падсвядомасці адной з гераінь. Часам прыходзіцца пашукаць, але ў выніку ўсё злучаецца. Азартна!

Чацвёрты слой кніжкі — гэта гісторыя змагання з цяжарам сваіх траўм, гісторыя перажывання сораму за сябе, свае паводзіны і ўчынкі… Кніжка пра тое, да чаго даводзіць гвалт у дзяцінстве, нават досыць бяскрыўдны. Пра тое, як мы не ўмеем даваць рады грузу мінулага. Наша культура не вучыла нас процістаяць гвалту, не вучыла, і як перажываць, прапрацоўваць памылкі. Зрэшты, усё гэта, у першую чаргу, пра сумныя вынікі непаразумення дзяцей і бацькоў.

Гераіня ўцякае ад сябе, ад свайго мінулага, але аднойчы яе ўцёкі твар у твар сутыкаюць яе з сабой. Усведамленне, хто ты ёсць, можа быць страшнае — і адначасова гэта момант абсалютнай свабоды.

І нягледзячы на ўсе гэтыя слаі, кніжка застаецца вострасюжэтнай аповесцю. Апошнія старонкі чытаеш агаломшаны ад фіналу. Раптам усе замкі расчыняюцца. Магчыма, вам нават захочацца вярнуцца да пачатку і зноў прайсціся па тэксце — пазбіраць ключы.

«Цяпер пішацца вельмі цяжка. Любая тэма, якую ні закрані, здаецца няважнай у параўнанні з тым, што адбываецца. Але і акунацца ў той жа кашмар, толькі ў літаратуры, не хочацца. Таму даводзіцца пераконваць сябе, што аднойчы свет адновіцца, і людзям, і мне самой зноў стануць цікавыя тыя тэмы, на абмеркаванні якіх мы спыніліся вясной 2020-га». Фота з фэйсбука Таццяны Карытка.

«Цяпер пішацца вельмі цяжка. Любая тэма, якую ні закрані, здаецца няважнай у параўнанні з тым, што адбываецца. Але і акунацца ў той жа кашмар, толькі ў літаратуры, не хочацца. Таму даводзіцца пераконваць сябе, што аднойчы свет адновіцца, і людзям, і мне самой зноў стануць цікавыя тыя тэмы, на абмеркаванні якіх мы спыніліся вясной 2020-га». Фота з фэйсбука Таццяны Карытка.

Пішучы «Чаму ўсё так?», Таццяна Карытка натхнялася кнігамі з пакручастым сюжэтам і хітрымі прыёмамі аповеду: «Рэшта дня» і «Пахаваны велікан» Кадзуа Ісігуры, «Энглбі» Себасціяна Фолкса і «Адной гісторыяй» ды «Прадчуваннем канца» Джуліяна Барнса. А стылістычна арыентавалася на дэбютную кнігу Салі Руні «Conversations with Friends»: «Гэта маладая ірландская пісьменніца, своеасаблівая Джэйн Остэн ХХІ стагоддзя, якой хапае смеласці і майстэрства пісаць пра адносіны свежа і іранічна і будаваць стыль на мінімуме слоў». (Да слова, беларускі пераклад бестселера Салі Руні «Нармальныя людзі» рыхтуе выдавецтва «Янушкевіч».)

Раней Карытка пісала па-расейску (цудоўнае іранічнае яе апавяданне «Беспрынцыповы» часоў Школы маладога пісьменніка), але цяпер стварае на дзвюх мовах. «Роднай лічу расейскую, але гэта выбар, які зрабілі ў дзяцінстве за мяне і да якога я прывыкла і ўспрымаю як свой.

Ёсць прыкладна тысяча прычын, з якіх я напісала кнігу на беларускай, адзначу адну. Беларускамоўную літаратуру часта папракаюць, што яна толькі «пра вайну ды пра вёску». Я шаную гэтыя тэмы і лічу іх патрэбнымі, але мне яны няблізкія, і хацелася стварыць нешта на мове, што было б блізка мне і такім, як я».

З беларускай літаратуры Таццяна вылучае «Сабак Еўропы» Альгерда Бахарэвiча — кажа, што захапляецца яе стылістычнай незвычайнасцю.

Мне кніжка Таццяны Карытка перагукаецца з раманамі амерыканскай аўтаркі Марышы Пэсл: загадкі, нечаканыя сувязі між падзеямі і персанажамі, амаль дэтэктыўная фабула і фінал, у якім кніга абарочваецца зусім не дэтэктывам. Цікава, што Марыша Пэсл таксама стала пісаць свой першы бестселер — «Некаторыя пытанні тэорыі катастроф» — працуючы фінансавым кансультантам. Сумна адно: наклады Пэсл — сотні тысяч, наклады Карытка — 150 асобнікаў. Але некалі і нашы аўтары будуць прадавацца па ўсім свеце. Усё ў нас будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0