23-гадовы дальнабойшчык з Мазыра Арцём Шыкунец арыштаваны на два месяцы ў расійскім Кізляры (Дагестан). Яго лічаць вінаватым у аварыі, у якой загінулі 3 чалавекі, а яшчэ 14 чалавек былі параненыя.
Увечары 7 кастрычніка Шыкунец ехаў на сваім трэйлеры «Івека» ў Астрахань. У Кізлярскім раёне Дагестана ён пайшоў на абгон.
Кіроўца сустрэчнай «Лады» зразумеў, што беларус не паспявае вярнуцца ў сваю паласу, і абачліва спыніўся на абочыне. За ім ехаў трэйлер «Вольва», кіроўца якога не паспеў затармазіць і ўрэзаўся ў «Ладу».
Далей — больш. За імі ехаў КАМАЗ, які таксама не паспеў зрэагаваць на сітуацыю. Ён урэзаўся ў «Вольва», выкінуў яго на сустрэчку і развярнуў пасярод дарогі.
Вось тут і з’явілася машына, якая пацярпела больш за ўсё, — «Газель». Менавіта яе і абганяў беларус.
«Газель» з 13 пасажырамі, 10 з якіх школьнікі, уляцела ў «Вольва», які стаяў пасярод дарогі. А ззаду яе ўтрамбаваў яшчэ і беларускі «Івека».
Двое пасажырак «Газелі» загінулі, кіроўца памёр у бальніцы. Дзяцей з рознымі траўмамі адвезлі ў бальніцу. Таксама шпіталізаваныя ўсе кіроўцы, апроч таго, хто быў у «Ладзе».
Беларус упэўнены, што ён — не адзіны вінаваты ў аварыі. Тым не менш пакуль Арцём Шыкунец лічыцца адзіным падазраваным. Яму пагражае да 7 гадоў зняволення.





