Міністэрства ўнутраных спраў завяршае праверку кіраўніка каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча на прыналежнасць да беларускага грамадзянства. Пра гэта Tut.by распавёў начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

— Праверка пакуль не завершана, але хутка скончым, — удакладніў Аляксей Бягун. На пытанне, ці не пазбавілі Тадэвуша Кандрусевіча грамадзянства, прадстаўнік МУС адказаў, што не:

— Рашэння па гэтым пытанні яшчэ няма.

Нагадаем, пашпарт кіраўніка каталіцкай царквы Беларусі быў прызнаны несапраўдным з-за праверкі яго прыналежнасці да беларускага грамадзянства, аднак самога грамадзянства нашай краіны ён пазбаўлены не быў. МУС раней паведамлялі, што пачалі праверку прыналежнасці Кандрусевіча да грамадзянства Беларусі і пададзеных ім дакументаў пры праходжанні працэдуры натуралізацыі.

Нагадаем, кіраўніка каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча 31 жніўня не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы, прычым без тлумачэння прычын. Пазней Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю, заявіўшы, што каталіцкі іерарх выехаў з нашай краіны для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у спіс неўязных, які з'яўляецца агульным для Беларусі і Расіі. Ён таксама паведаміў, што з'явілася інфармацыя аб наяўнасці ў Кандрусевіча, акрамя беларускага, грамадзянства іншай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0