Стыхійныя акцыі пратэсту пачаліся ўвечары ў нядзелю і ў ноч на панядзелак у розных раёнах Мінска.
У ланцугі салідарнасці сталі Чкалаўскі, Лошыца, Каскад, Шабаны-Трасцянец, Уручча, Сляпянка, Міхалова.
У цэнтры Мінска людзі выйшлі да Філармоніі і на Стэлу.
На некаторых вуліцах пратэстоўцы перакрылі рух транспарту. Напрыклад, у раёне Зялёны Луг некалькі дзясяткаў чалавек са сцягамі перакрылі Лагойскі тракт, жыхары вуліцы Ангарскай спынілі рух на МКАД.
На вуліцы Прытыцкага, каля «Каменнай Горкі», таксама перакрывалі праезную частку. У Серабранцы на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава пратэстоўцы перакрылі рух лавамі, палілі пакрышкі.
Таксама пратэстоўцы перакрывалі праспект Дзяржынскага. Сілавікі разганялі пратэстоўцаў, былі чутныя гукі стрэлаў.
У раёне гандлёвага цэнтра «Рыга» на вуліцы Сурганава, дзе стаяў ланцуг салідарнасці, былі чутныя гукі, падобныя на стрэлы, і выбухі светлашумавых гранат.
Людзі выйшлі на вечаровыя акцыі ў знак пратэсту супраць масавых затрыманняў 11 кастрычніка. Паводле звестак праваабаронцаў, лік затрыманых удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў нядзелю набліжаецца да 600 чалавек.





