11 кастрычніка беларуская тэнісістка Арына Сабаленка апублікавала пост у Instagram, у якім адзначыла, што не прывыкла да сябе з макіяжам, піша «Трыбуна».

«Часам патрэбен макіяж і спартыўны касцюм пакінуць у шафе. І так цікава кожны раз разглядаць сябе, калі выпадае нагода. Вось і разглядаю з раніцы», — напісала тэнісістка. Пазней аказалася, што Сабаленка наведала матч мінскага «Дынама» ў КХЛ, дзе была ў джэрсі клуба.

Адзін з карыстальнікаў адказаў на пост: «Сорамна, Арына, за цябе. Не ўсё ў свеце вымяраецца грашыма. Ёсць моманты, калі такія, як ты, не павінны маўчаць, а не касметыку абмяркоўваць».

Сабаленка адказала: «Сорамна за вас! У вашым узросце пара ўжо паразумнець. Ну нічога, і такіх зямля носіць. На жаль».

Яшчэ адзін карыстальнік пасля гэтага напісаў: «Ганьба. Схадзі ў гэтым джэрсі на Акрэсціна. Сапраўды, і такіх зямля носіць. Спадзяюся, карма існуе».

«Вядома, існуе, таму ты — ніхто», — у адказ напісала Сабаленка.

Пасля пікіроўкі карыстальнік заявіў, што таксама паглядзіць матч «Дынама», на што Сабаленка адрэагавала: «Правільна, паглядзіце, як людзі працуюць».

У жніўні Арына Сабаленка асудзіла разгон мірных пратэстаў.

«Я не магу паверыць, што ўсё гэта адбываецца ў маёй мірнай роднай Беларусі, пісала 13 жніўня ў сваім інстаграме найлепшая беларуская тэнісістка, 11-я ракетка свету. — Я не магу спаць ужо чацвёртую ноч. Я не магу глядзець на жорсткасць у адносінах да безабаронных людзей. Навошта? Калі ласка, спыніце гвалт!!! Беражыце сябе і сваіх блізкіх, мае дарагія беларусы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0