Фота Надзеі Бужан
Прынамсі 16 чалавек з РУУСаў учора забралі хуткія дапамогі. Большасць гэтых людзей была дастаўленая ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску, некаторыя — у іншыя бальніцы, паведамляюць праваабаронцы з цэнтра «Вясна».
Па сваім характары падзеі 11 кастрычніка ў Мінску нагадалі 9-11 жніўня. Як і тады, людзей, у тым ліку журналістаў, затрымлівалі яшчэ да пачатку дэманстрацыі, сотні людзей былі затрыманыя ў дварах, некаторых затрыманых жорстка збівалі
625 — столькі прозвішчаў затрыманых учора дэманстрантаў і людзей на вуліцах сабралі на гэты момант праваабаронцы. МУС яшчэ не апублікаваў статыстыку ўчарашніх затрыманняў.
З улікам гэтых дапоўненых звестак за ўчора, усяго ў Беларусі за час пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў адбылося, як мінімум, 14 245 затрыманняў.
«Наша Ніва» атрымала гэтую лічбу, сплюсаваўшы звесткі Міністэрства ўнутраных спраў і праваабаронцаў за асобныя дні.





