Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, былы кіраўнік стачкама МТЗ Сяргей Дылеўскі расказаў «НН» пра свае справы пасля звальнення з завода.

Сяргей Дылеўскі. Фота tut.by.

Сяргей Дылеўскі. Фота tut.by.

«У адзін дзень пасля змены ля завода мяне чакалі супрацоўнікі КДБ. Яны прадставіліся, паказалі «корачкі».

Мы прайшлі на гутарку ў цудоўны цёмна-сіні аўтобус. Гучалі пагрозы ў бок маёй сям’і, не хачу іх агучваць. Пасля гэтага ў мэтах бяспекі давялося вывезці сям’ю ў Польшчу, цяпер у іх усё нармальна, імі апякуецца наша дыяспара», — сказаў Дылеўскі.

Ехаць следам за жонкай і сынам сам Дылеўскі не спяшаецца. «Пакуль не разглядаю такой магчымасці», — кажа ён.

Ці шукае новую працу Сяргей пасля таго, як яго вымусілі звольніцца з МТЗ?

«Нашы людзі настолькі чароўныя, што мяне ўжо засыпалі прапановамі працы. Выходзіць, што не я шукаю працу, а яна шукае мяне. Мне падабаюцца аўтамабілі, канечне, па трэку ганяць мяне ніхто не возьме працаваць, а гайкі круціць я магу».

«Крыўдна, канечне, што са мной так абышліся на заводзе, — кажа Дылеўскі. На МТЗ працуюць таксама ягоныя мама і тата. — Ціснулі праз бацькоў, мая мама працуе з заробкамі, казалі, што заўсёды ў гэтай сферы можна нешта знайсці, калі пашукаць».

«Працягваем працаваць, куды тут спыняцца», — адказвае Дылеўскі пра свой далейшы ўдзел у палітыцы.

Сяргей Дылеўскі — адзіны сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, які не выехаў з Беларусі і знаходзіцца на волі. У жніўні-верасні ён адседзеў 25 сутак адміністрацыйнага арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?