Чалавек у кепцы злева — Сяргей Ціханоўскі. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Чалавек у кепцы злева — Сяргей Ціханоўскі. Фота: скрыншот з відэа АНТ

Сяргей Ціханоўскі сапраўды ўдзельнічаў у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 10 кастрычніка ў СІЗА КДБ. На ёй Лукашэнка, даведаўшыся, што Сяргей не кантактуе з жонкай, дазволіў патэлефанаваць ёй. Тэлефонная размова са Святланай адбылася ў прысутнасці аховы. Пра гэта Tut.by распавёў ягоны адвакат Віктар Мацкевіч.

Як распавёў свайму абаронцу Сяргей Ціханоўскі, для сустрэчы ў СІЗА КДБ яго раніцай вывезлі з СІЗА Жодзіна, суправаджалі яго людзі ў масках. Прывезлі ў Мінск у КДБ, завялі ў невялікую залу. На стале ўжо стаялі таблічкі з імёнамі зняволеных: Бабарыка, Знак, Салей, Шкляраў і інш., усяго было 12 чалавек, і для ўсіх гэтае мерапрыемства стала нечаканасцю.

— Увайшоў Лукашэнка і пачаў ціснуць усім рукі. Сяргей пазбягае поціскаў рукі, асцерагаецца каранавірусу. Ён не хацеў таксама, каб яго здымалі на камеру для ТБ. Потым на працягу пяці гадзін была размова з Лукашэнкам, дзе ў асноўным прамаўляў ён сам.

Ціханоўскі ўсё ж спрабаваў давесці сваю пазіцыю, што ён знаходзіцца пад вартай па неабгрунтаваных абвінавачваннях, і, карыстаючыся прысутнасцю прэс-сакратара, абурыўся тым, што дзяржаўныя СМІ распаўсюджваюць пра яго недакладную інфармацыю пра тое, што ён працуе на РФ, на захад, пра яго знаёмства са Шкляравым і г.д. — распавядае Віктар Мацкевіч.

Ціханоўскі таксама пытаўся, за што абвясцілі ў вышук ягоную жонку Святлану Ціханоўскую, чаму няма на сустрэчы Марыі Калеснікавай.

З адказаў Лукашэнкі, як сказаў Ціханоўскі, яму стала ясна, што той добра абазнаны ў ходзе расследавання крымінальных спраў і ў тым, у які момант якія ўмовы ўтрымання і чаму былі ў Сяргея ў СІЗА. Выказваліся таксама супрацьлеглыя пункты гледжання з нагоды таго, ці павінен удзел у палітыцы ўплываць на крымінальныя абвінавачванні.

Ціханоўскаму далі зразумець, што яго выпусцяць з-пад варты не хутка. У той жа час прагучала, што лёс зняволеных будуць вырашаць следства і суд, і ўсё пад кантролем.

— Як растлумачыў мой падабаронны, пры размове пра канстытуцыйную рэформу ён, Ціханоўскі, сказаў, што ён і тыя з прысутных, хто зацікаўлены, гатовыя і маглі б выказаць свае прапановы, але не ў кайданках, знаходзячыся ў турме, а па добрай волі, — распавёў Мацкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?