Святлана Ціханоўская ў аўторак стала лаўрэатам штогадовай прэміі імя Джона Маккейна, якую ўручае амерыканскі няўрадавы міжнародны Рэспубліканскі інстытут (International Republican Institute). Цырымонія праходзіла ў анлайн-рэжыме, піша ТАСС.
«Гвалт павінен спыніцца, і павінен пачацца мірны пераход да свабоднай Беларусі. Гэта наш абавязак і адзіны шлях наперад», — заявіла Ціханоўская.
Разам з ёй прэмію сёлета атрымалі таксама дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа, прадстаўнікі пратэстнага руху з Ганконга, а таксама чалец парламента Уганды і музыка Бобі Вайн.
Міжнародны рэспубліканскі інстытут — некамерцыйная арганізацыя, што абвяшчае сваёй мэтай аказанне дапамогі асобным краінам у будаўніцтве дэмакратыі. Яе дырэктарам раней з'яўляўся сенатар-рэспубліканец Джон Маккейн, які памёр у 2018 годзе.





