Мода на нацыянальныя тату вяртаецца. І калі раней тату-майстры набівалі ў асноўным арнаменты і «Пагоню», то пасля выбараў-2020 разнастайнасць «скуранога» мастацтва стала большай. З лета на беларускіх вуліцах нараджаецца столькі сюжэтаў і мемаў, што толькі бяры і стварай на іх аснове крэатыўныя эскізы.
У размове з «Нашай Нівай» майстры паведамілі, што беларусы ўжо звярталіся па татуіроўкі з Нінай Багінскай, разламанымі дубінкамі, аўтазакамі ў кветках, назвамі мінскіх раёнаў — ад Серабранкі да Пушкінскай. І попыт на такія актуальныя рэчы толькі павялічваецца.
Адна з раённых татуіровак салідарнасці пад назвай «Разам».
Некалькі гаспадароў свежых тату пагадзіліся распавесці пра гісторыі іх стварэння і сэнс.
Віктар, былы супрацоўнік ЦЭЦ у Бабруйску
— У гэтым тату закладзеная памяць пра тры смелыя беларускія сям’і — Цапкала, Бабарыка і Ціханоўскіх, якія ўсім нам далі надзею на годную будучыню. Калі б выбары ў Беларусі ў гэтым годзе прайшлі гэтаксама, як мінулыя разы, я б з’ехаў з краіны. У прамым сэнсе слова я сядзеў на чамаданах. Але пасля верасня зразумеў, што буду змагацца за свабоду ўсімі магчымымі сродкамі.
Большасць рэакцый на татуіроўку пазітыўная. Мне нават кажуць дзякуй за пазіцыю і смеласць, калі бачаць малюнак. Толькі сілавікам пасля майго затрымання на акцыях і супрацоўнікам ІЧУ яна, вядома, не спадабалася. У мяне было чатыры суды па артыкуле 23.34 КоАП, суткі і штрафы. З працы мяне змусілі звольніцца, але я ні пра што не шкадую. Буду змагацца за справядлівасць да перамогі, а калі пераможам — наб’ю яшчэ тату ў гонар такой падзеі.
Аліна, спецыялістка па продажах
— Я зрабіла тату ў жніўні, амаль адразу пасля трагічных дзён для нашай краіны. Эскіз убачыла ў майстра Жэні Клевер — адразу зразумела, што ён павінен быць на маім целе. Для мяне гэта сімвал абуджэння нацыі, чаканага выхаду з 26-гадовага летаргічнага сну. Тым больш частка сродкаў з працы адразу ішла ў фонд салідарнасці.
Нас з сябрамі 11 жніўня затрымаў АМАП, калі мы шукалі майго хлопца, зніклага раней. Тады ў мэтах бяспекі я развіталася са сваім белым бранзалетам, а татуіроўка будзе са мной заўсёды. Гэта той «бранзалет», з якім я не збіраюся развітвацца ніколі, як і з астатнімі тату, якіх у мяне ўжо пяць.
Галіна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў Гародні
— Гэта мая першая татуіроўка. Зрабіла я яе ў верасні ў сувязі з палітычнымі падзеямі пасля выбараў. Асабіста для мяне яна сімвалізуе новую Беларусь, а агульнапрынятая трактоўка гэтых арнаментаў — маладосць, агонь, жыццё, багацце. Я за перамены і неаднаразова выходзіла на мірныя акцыі пратэсту.
Татуіроўку бачылі яшчэ не ўсе знаёмыя. Баюся, што кіраўніцтва школы, дзе я працую, можа быць не ў захапленні. Хоць дырэктарка школы і настаўніца нашай роднай мовы, літаратуры, прыязнасці да беларускага я за ёй не назірала. Але ўсім сваякам падабаецца.
Раман, менеджар
— Тату з Віктарам Цоем на фоне бел-чырвона-белага сцяга я зрабіў у сярэдзіне жніўня. Я ўсё жыццё слухаю «Кіно», і ў кожнай песні знаходжу нешта важнае. Ужо ў сталым узросце падумаў, што было б добра ушанаваць памяць пра Цоя на целе. Доўга збіраўся з думкамі. А пасля ў нашай краіне адбыўся гэты трэш пасля выбараў: смерці, калецтвы, здзекаванні. І пры ўсім гэтым у ланцугах салідарнасці і на маршах я ўпершыню адчуў адзінства нашай нацыі, адчуў сябе сярод беларусаў у коле сяброў.
Я зразумеў, што хачу запомніць гэтыя моманты на ўсё жыццё. У галаву прыйшла ідэя спалучыць любоў да Цоя і ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Так і з’явіўся эскіз гэтага тату. Спадзяюся, той негатыў, што адбываецца з намі цяпер, хутка скончыцца.
Ангеліна, студэнтка 4-га курса спецыяльнасці «псіхалогія»
— Усяго ў мяне ўжо чатыры татуіроўкі, і гэтыя — свабоду і дзяўчат — я зрабіла прыблізна месяц таму ў знак памяці пра ўсе падзеі ў Беларусі, пра людзей, якія пацярпелі фізічна, маральна і, на жаль, загінулі.
Малюнак з дзяўчатамі знайшоў мяне сам: гэта з карцін Руфіны Базловай, у якой многа сюжэтаў пра нашу рэчаіснасць, выкананых у стылі арнаменту.
Пасля 9 жніўня я вельмі расклеілася, дагэтуль цяжка псіхалагічна. І гэтыя тату для мяне — як напамін, што здавацца нельга.
Юля, адміністратар залы гульнявых аўтаматаў
— Тату рабілася пасля першых пратэстаў-2020. Для мяне гэта памяць, а таксама спосаб самавыяўлення. У Беларусі мы жывём так, як хочацца дыктатару, не маем поўнай свабоды, і хаця б у тату я знаходжу пэўную для сябе прастору.
У мяне ўсе татуіроўкі ў беларускім стылі: бусел са сцягам, стылізаваная «Пагоня». Усе іх рабілі два мае любімыя майстры — Руслан Панфілаў і Антон Распісны.





