Пракуратура Фрунзенскага раёна Мінска вынесла прадпісанне старшыні таварыства аднаго з дамоў жылога комплексу «Каскад» і выставіла рахунак за зняцце бел-чырвона-белых сцягоў службай МНС. Мясцовыя жыхары лічаць, што гэта нонсэнс, бо само парушэнне не зафіксавана, піша Tut.by.

Загад аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці выпісалі 12 кастрычніка.

У дакуменце сказана, што пракуратура Фрунзенскага раёна ўстанавіла, што 27 і 29 верасня, а таксама 2 кастрычніка паміж дамамі 4Б і 4Д па вуліцы Скрыганава «размяшчаўся бел-чырвона-белы сцяг». Гэта сведчыць, што таварыства ўласнікаў не падтрымлівае архітэктурнае аблічча жылога дома ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй, лічаць у пракуратуры.

Канструкцыі, якія не прадугледжаны праектам, неабходна было аператыўна дэмантаваць. «Для ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, дэмантажу сцяга задзейнічаны сілы і сродкі Фрунзенскага РАНС, якім панесены выдаткі ў памеры 176,32 руб.», — сказана ў лісце.

Выдаткі на «ліквідацыю парушэнняў» пракуратура патрабуе пакрыць, а таксама прыняць меры па выкананні закона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0