Прадстаўнік кампаніі Lufthansa Technik абвергнуў паведамленне пра адмову рабочых праводзіць тэхабслугоўванне беларускага самалёта, на якім, як лічыцца, лётае Аляксандр Лукашэнка, піша Deutsche Welle.
«Сэрвіснае абслугоўванне змешчаных цяпер у нас у Гамбургу ўсіх самалётаў нашых кліентаў праводзіцца ў адпаведнасці з графікам», — такі адказ 15 кастрычніка атрымала DW ад афіцыйнага прадстаўніка кампаніі Lufthansa Technik у Гамбургу Вольфганга Райнерта на пытанне аб тым, ці праўда што супрацоўнікі гэтай фірмы адмовіліся праводзіць рэгулярныя сэрвісныя работы па абслугоўванні самалёта Аляксандра Лукашэнкі.
Раней у СМІ з'явілася інфармацыя, што супрацоўнікі Lufthansa Technik не сталі абслугоўваць самалёт Лукашэнкі з-за падаўлення пратэстаў у Беларусі.





