З Беларусі прымусова выслалі 36-гадовага ўкраінца за тое, што быў затрыманы на акцыі пратэсту, піша Tut.by.

Марыя і Яўген Кірычэнкі прыехалі ў Беларусь з Данецкай вобласці шэсць гадоў таму. Беглі ад вайны. Уладкаваліся на працу, атрымалі пакой у інтэрнаце, тут у першы клас пайшоў іх сын Кірыл. Цяпер хлопец у шостым — і школу зноў давядзецца мяняць.

Па законе іншаземец можа быць высланы з Беларусі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб, а таксама пасля вызвалення з арыштнага дома або папраўчай установы, калі яго не можна дэпартаваць.

Сям'я вяртаецца ў Мірнаград (пакуль сям'і не было, так перайменавалі горад Дзімітраў у Данецкай вобласці). Галава сямейства ўжо з'ехаў.

11 жніўня мужчыну затрымалі на вуліцы Савецкай у Гомелі недалёка ад крамы «Капеечка» і павезлі ў РАУС. Жонка кажа, што ні ў якіх масавых мерапрыемствах ён у той вечар не ўдзельнічаў: стаяў каля крамы і размаўляў праз тэлефон з сынам. Але суд вырашыў інакш: 12 жніўня за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» і «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў» мужчыну далі 12 сутак арышту.

Праўда, праз трое сутак Яўгена, распавядае Марыя, выпусцілі.

— Муж прыйшоў увесь сіні. Скардзіўся на болі ў галаве і спіне, распавядаў, што моцна білі. І калі везлі ў РАУС, і ўжо ў самім РАУС. Асабліва калі даведаліся, што ўкраінец. Успамінае, што казалі яму: «Дык гэта ты мяне, падла, паліў на Майдане!» Муж ні на якім Майдане не быў, — кажа Марыя.

Яўген зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Гэта, на думку Марыі, і паўплывала на далейшы ход развіцця падзей.

22 верасня Яўгена выклікалі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі і паведамілі, што яму прыйдзецца адседзець яшчэ тыя дзевяць сутак, якія ён недасядзеў у жніўні. А пасля паведамілі, што прынята рашэнне аб высылцы яго з краіны з забаронай на ўезд тэрмінам на 3 гады.

На днях мужчыну высадзілі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Неўзабаве прыйдзецца з'ехаць з Беларусі і яго жонцы з сынам: сям'я расставацца не збіраецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?