Анастасія Сарокіна, старшыня федэрацыі шахмат Беларусі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ) распавяла пра падрабязнасці, як 29 кастрычніка яна перастала выходзіць на сувязь — як аказалася, адправіўшыся ў адно з РУУС Мінска.
Практычна ўвесь дзень ніхто не ведаў, што з Сарокінай і дзе канкрэтна яна знаходзіцца, аднак у той жа дзень Анастасію адпусцілі. Яна адразу ж паехала ў Маскву (у планавую камандзіроўку), а трохі пазней распавяла «Трыбуне» больш падрабязную інфармацыю, што ж адбылося.
— 29 кастрычніка, якраз у дзень нараджэння маёй дачкі, да мяне раніцай дадому прыехалі супрацоўнікі Партызанскага РУУС Мінска. Мне сказалі, што праводзіцца праверка дзейнасці федэрацыі шахмат. У працэсе размовы канфіскавалі тэлефон і флэш-карты, а потым адвезлі ў РУУС. Калі шчыра, я думала, што гэта стандартная праверка дакументацыі ў рамках дзеючага заканадаўства. Улічваючы, што мы ў федэрацыі максімальна адкрыты і выконваем закон, запытаныя дакументы хутка прадставілі, на неабходныя пытанні я адказала.
— На якой падставе ў вас канфіскавалі тэлефон і флэш-карты?
— Гэта мне самой незразумела. Я ўжо напісала заяву на вяртанне маіх асабістых рэчаў.
— З якімі словамі і калі вас адпусцілі?
— Сказалі, што, калі з'явяцца дадатковыя пытанні, трэба будзе прыйсці зноў. Супрацоўнікі прыйшлі да нас дадому каля 8 раніцы, а выйшла з РУУС я каля трэцяй гадзіны дня — атрымліваецца, прыкладна сем гадзін правяла ў кампаніі прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Прыкладна столькі доўжыцца класічная партыя ў шахматы.
— Цяпер вы знаходзіцеся ў Маскве. З'ехалі ў мэтах бяспекі?
— Не, гэта загадзя запланаваная камандзіроўка, у тым ліку для правядзення перамоваў з ФІДЭ аб мінімізацыі негатыўных наступстваў адмовы ад правядзення шахматнай Алімпіяды беларускім бокам, — сказала Сарокіна.
— А як адрэагавалі калегі ў Маскве на ваша затрыманне?
— Усе вельмі перажывалі, бо ведалі, што ўжо да вечара я павінна была прыехаць у Маскву, і раптам такое… Так як я з'яўляюся віцэ-прэзідэнтам ФІДЭ, перажывалі калегі з усіх куткоў свету.
— Вашага мужа ў РУУС дапусцілі?
— Калі размова скончылася, я яму патэлефанавала, папрасіла, каб ён прыехаў па мяне. Сустрэліся ўжо на вуліцы. Адразу патэлефанавала дачцэ. Абяцала перад ад'ездам у Маскву прывезці ёй торт.
Гэты яе дзень нараджэння мы, вядома, запомнім назаўжды.





