beachsoccer.by
Па выніках пераатэстацыі нацыянальнай каманды Беларусі, праведзенай Мінспорту, кантракты на 2021 год з шэрагам гульцоў не будуць працягнутыя. Пра гэта паведамляе Tribuna.
Прычына не ляжыць у плоскасці спартыўных паказчыкаў. Сярод футбалістаў, якія на дадзены момант не змогуць абараняць колеры нацыянальнай зборнай у 2021 годзе, фігуруюць такія прозвішчы, як Валерый Макарэвіч, Ігар Брыштэль, Ілля Савіч, Іван Мірановіч і іншыя.
Таксама няяснай застаецца сітуацыя з іспанскім трэнерскім штабам каманды.
Адзначым, што Макарэвіч, Савіч і Брыштэль склалі топ-3 у галасаванні за найлепшага пляжнага футбаліста Беларусі-2019.
Зборная Беларусі на сёння займае 15-ы радок у сусветным і 6-е месца ў еўрапейскім рэйтынгу зборных.
У жніўні ў рэдакцыю Tribuna.com звярнуліся футбалісты зборнай Беларусі па пляжным футболе і папрасілі перадаць сваё Пасланне беларускаму народу. Спартсмены выступілі супраць гвалту з боку сілавых органаў у дачыненні да пратэстуючых. У спісе футбалістаў, якія падпісалі дасланы тэкст, ёсць прозвішчы гульцоў, з якімі Мінспорту не падоўжыла кантракт.





