Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц
Паводле прэс-службы МУС 1 лістапада ў Беларусі прайшлі 13 пратэсных акцый, але ў рэгіёнах колькасць удзельнікаў не перавышала 10 чалавек.
У Мінску, лічаць у міліцыі, акцыя з самага пачатку набыла не «мірны» характар. Там адзначылі, што пратэстоўцы выйшлі на праезную частку праспекта Незалежнасці і на 20 хвілін заблакавалі рух транспарту ў абодва бакі.
«Мерапрыемства суправаджалася фактамі актыўнага супрацьдзеяння праваахоўным органам. У прыватнасці, у раёне Лагойскага тракту пратэстоўцы выкарыстоўвалі самаробнае выбуховае прыстасаванне», — заявілі ў МУС.
У ведамстве таксама паведамілі, што прымалі меры па спыненні правапарушэнняў: выкарыстоўвалася зброя са святлошумавымі боепрыпасамі і гумовымі кулямі.
За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Мінска і Мінскага раёна затрымана каля 300 чалавек, у іх дачыненні складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, а па фактах актыўнага супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў, блакавання руху праводзяцца праверкі ў рамках Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.





