Праваабаронцы маюць імёны як мінімум 315 затрыманых у нядзелю і 36 затрыманых у суботу.
Такім чынам, усяго па стане на вечар 1 лістапада ў Беларусі за час пратэстаў адбылося, як мінімум, 16 595 палітычна матываваных затрыманняў (лічба няпоўная). Гэта самыя маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў.
Сярод затрыманых у нядзелю ў Мінску — вядомы скульптар Генік Лойка, былы юрыст Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі, а таксама ізноў група журналістаў — аднаму з іх, Дзмітрыю Солтану, як расказаў мінскі школьнік, адпушчаны з РУУС як непаўналетні, камерай разбілі галаву.
Адным з эпіцэнтраў затрыманняў учора стала вёска Жодзішкі Смаргонскага раёна, там схапілі як мінімум дзевяць чалавек.
Як стала вядома «Белым халатам», у Слуцку з БЧБ-сцягам у белых халатах выйшлі загадчык траўматалогіі Слуцкай ЦРБ Юрый Акаёмаў і хірург Юрый Міхайлоўскі. Іх будуць судзіць.
Нагадаем, што ў пятніцу аналагічна затрымалі групу хірургаў Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, а ў суботу — студэнта Віцебскага медуніверсітэта Дзяніса Нвокіке, беларуса з нігерыйскім каранямі ў радаводзе.





