Фатограф «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў, асуджаны да 10 сутак суддзёй Партызанскага раёна Наталляй Дзядковай, аказваецца, у мінулым — падпалкоўнік міліцыі. 

За час паслявыбарчых пратэстаў гэта ўжо чацвёртае яго затрыманне, першае было яшчэ 9 жніўня — проста з выбарчага ўчастка яго вывез АМАП.

Калегі і жонка расказалі нам, што гэта за чалавек. 

«Да 2012 года Дзмітрый працаваў у міліцыі, апошняе месца работы — Савецкі РУУС. Ён звольніўся, недапрацаваўшы тры гады да пенсіі, агулам — 17 год. Матываваў сыход тым, што хоча застацца чалавекам, бо тое, як, на яго думку, пачала мяняцца міліцыя, супярэчыла ягонаму бачанню службы», — расказала «Нашай Ніве» жонка Кацярына. 

У Дзмітрыя ёсць асноўная работа, але пару гадоў таму ён нечакана захапіўся фотажурналістыкай. 

«Яму цікавая дабрачыннасць: ён здымаў канцэрты, кінутых жывёл, мерапрыемствы ў дзіцячых хоспісах. А потым зразумеў, што, каб прыцягваць да такога ўвагу шырэйшых колаў, трэба выходзіць на кантакт з нейкай рэдакцыяй. Завёў кантакты сярод журналістаў, у выніку стаў здымаць і рэпартажы, пачаў супрацоўнічаць з «Новым Часам», — дадала жонка. 

Галоўная рэдактарка выдання Аксана Колб кажа, што для Дзмітрыя затрыманне на маршы супраць тэрору — ужо чацвёртае са жніўня. 

«Мы раней з ім супрацоўнічалі пазаштатна, але прадбачачы падзеі, узялі ў штат, бо яму цікава было здымаць рэпартажы з масавых акцый, а нам патрэбныя былі фота. Здымае ён добра. Але яшчэ 9 жніўня ён трапіў на Акрэсціна, куды яго прывезлі проста з выбарчага ўчастка.

Калі расказваў, што там бачыў, то ён, 46-гадовы падпалкоўнік, плакаў, успамінаючы, як катавалі людзей. Параўноўваў убачанае з гестапа, казаў, што меўся гэта перажыць і вытрымаць для ўсіх, хто звонку, за сценамі. Потым яшчэ 10 дзён ён рэабілітоўваўся і не выходзіў на адкрытыя пляцоўкі, дзе шмат людзей. Потым былі яшчэ затрыманні, ноч ён праводзіў у РУУСе. Агулам гэта чацвёртае затрыманне, у яго канфіскоўвалі і дагэтуль не вярнулі тэхніку», — расказала Колб. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?