19 лістапада Генпракуратура паведаміла пра затрыманне медыка, які апублічыў звесткі аб стане Рамана Бандарэнкі. Таксама ўвечары сілавікі прыйшлі ў кватэру журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч, якая пісала пра смерць хлопца. Яе забралі ў СІЗА КДБ.
Крымінальная справа заведзена па ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («выдаванне медыцынскай таямніцы»).
«Медык выдаў медыцынскую таямніцу, пры гэтым прадставіў недакладную інфармацыю», — удакладняецца ў паведамленні Генпракуратуры.
Ведамства адзначае, што такія дзеянні з боку доктара і журналіста пацягнулі за сабой «цяжкія наступствы, якія выказаліся ў падвышанай напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да дзяржаўных органаў і памкненняў грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».
«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць сітуацыю адваката Андрэя Мачалава.
«Заводзіць крымінальную справу без заявы прадстаўніка пацярпелага сама Генпракуратура па гэтым артыкуле можа, — мяркуе Мачалаў.
— Але ўзнікае пытанне, што за цяжкія наступствы пацягнула раскрыццё медыцынскай таямніцы? Бо цяжкія наступствы мусяць наступіць для пацярпелага (пасля выдавання таямніцы ён развёўся, страціў працу, здзейсніў суіцыд). Напружанасць у грамадстве як цяжкія наступствы — спрэчны момант».
Ці могуць быць медыцынскай таямніцай даныя памерлага чалавека — таксама спрэчнае пытанне, кажа Мачалаў. Па яго словах, сярод адвакатаў няма адзінай пазіцыі па гэтым пытанні.
Мачалаў таксама не разумее, як і за што сілавікі збіраюцца прыцягнуць да адказнасці журналіста.





