Пра паўэрліфтара Сяргея Шабанава мы пісалі ў ліпені. Хлопец тады працаваў трэнерам у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Але пасля таго як адмовіўся падпісвацца за Лукашэнку, вымушаны быў звольніцца.

Нядаўна Сяргей выйшаў з ізалятара, дзе адседзеў 15 сутак за «хуліганства» па зусім іншай справе. Ён расказаў, як за кратамі абыходзіліся з мужчынам, што плюнуў у карэспандэнта БТ, і як Баранавічы перасталі быць добрым месцам.

Фота са старонкі «УКантакце»

Фота са старонкі «УКантакце»

Затрымалі хлопца ранкам 30 кастрычніка каля «Мінск-Арэны», дзе ў той час праязджаў картэж Лукашэнкі. Сяргей паказаў знак «віктары» машынам, што сігналілі ў заторы, за што і апынуўся ў бусіку. Літаральна за 30 секунд да яго затрымалі мужчыну, які паказаў картэжу вялікі палец уніз.

«У Цэнтральнае РУУС мяне прывезлі хлопцы, крыху пагладзіўшы па грудной клетцы. Назавем гэта так, з улікам таго, як білі людзей 9-11 жніўня», — кажа паўэрліфтар.

Суд адбыўся ў той жа дзень і заняў 10 хвілін. Ні блізкіх, ні адваката не папярэдзілі: пра пятнічнае пасяджэнне яны даведаліся толькі ў панядзелак. Згодна з пратаколам, Сяргей «абразліва прыставаў да грамадзян, з хуліганскіх меркаванняў размахваў рукамі і дэманстраваў непрыстойныя жэсты транспарту». Суддзя Цэнтральнага раёна Юлія Густыр палічыла гэта дастатковым, каб выпісаць 15 сутак.

Уночы хлопца на УАЗіку павезлі на Акрэсціна.

«Я ехаў з Аляксеем, які плюнуў у твар карэспандэнту БТ. Вось яго дзіка збілі, хвілін 40 катавалі электрашокерам: у яго апёкі засталіся, твар разбіты. Ён наогул у шоку быў,

— дзеліцца Сяргей. — Мы з Аляксеем у шасцімесную камеру трапілі. Не елі ўвесь дзень, але там аднаму чалавеку перадачу прынеслі, і нас крыху пакармілі — арэшкамі, печывам. Камера выглядала гэтак жа, як у выпуску на СТБ. Толькі мы не мелі права сядзець на матрацах, скручвалі іх удзень, а вокны было немагчыма адкрыць. Батарэі палілі, і было вельмі горача, мы напалову раздзетыя хадзілі. Агулам нармальна.

Але да Аляксея турэмшчыкі ўвесь час прыходзілі паабзываць. Адчыняюцца дзверы: «Ну што, вярблюд, думаў, мы цябе не знойдзем? Як табе сядзіцца?»

Яму далі 25 сутак (за 23.34 і 23.4), і на яго яшчэ быў складзены пратакол па артыкуле 17.1».

У камеры з імі таксама быў журналіст «Белсата». Пры затрыманні яму пашкодзілі руку, ён тры дні прасіў аказаць дапамогу, але ўсё дарэмна. Нарэшце напісаў на шматку туалетнай паперы заяву на імя начальніка ЦІПа аб абвяшчэнні галадоўкі. Дзяжурны ўзяў яе толькі таму, што не ведаў, што гэта. Журналіста звазілі ў бальніцу (там дыягнаставалі пашкоджанне звязачна-сустаўнога апарата пляча) і вярнулі ў ізалятар.

Пасля Сяргея перакінулі ў Баранавічы.

«Там зладзілі калідор пекла: мы ўсе моцна спужаліся, калі ўбачылі гэта. Нас не білі, але брахалі сабакі, супрацоўнікі пагражальна размахвалі дубінкамі і прымусілі нас бегчы.

63 чалавек кінулі ў камеру на 18 месцаў. На працягу некалькіх гадзін адтуль выводзілі па два, па пяць чалавек і размяркоўвалі па камерах.

Па начах у Баранавічах цяпер не выключаюць святло, ляпаюць дзвярыма.

У адзін з дзён была нейкая праверка. І дзякуючы ёй нас упершыню і на шпацыр вывелі, і пакурыць далі, і ў душ пусцілі. Як толькі таварыш, які правяраў, з’ехаў, усё гэта скончылася. Нагода задумацца над тым, хто жарсціць. Гэта загад ці тыя, хто там працуе, проста лянуюцца выходзіць са сваіх «капцёрак»? Мы былі як букашкі у тэрарыуме, якіх проста кормяць, каб не здохлі».

Сярод сукамернікаў Сяргея былі бацька пяці дзяцей, уладальнік крамы абутку, кіраўнік аддзела ІТ-кампаніі, студэнт-фельчар.

Пасля сутак паўэрліфтар прападае ў зале — трэба трэніраваць кліентаў і займацца спортам самому. Кажа, як звольніўся з універсітэта, яму паступіла шмат прапаноў, але ён вырашыў працаваць на сябе.

«Маральную падтрымку аказалі такую, што я за тыдзень на ўздыме адкрыў ІП, знайшоў кліентаў, што не асабліва лёгка было ва ўмовах пандэміі, і пачаў працаваць на сябе.

Ад грашовай дапамогі стаў адмаўляцца. Казаў: паберажыце, яшчэ спатрэбіцца іншым. Гэта аказалася проста для 23-гадовага чалавека знайсці, дзе і як зарабіць», — захоўвае Сяргей аптымізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?