Міністэрства замежных спраў Украіны прыняло пад увагу ўручэнне ўкраінскаму паслу ў Беларусі ноты пратэсту беларускага МЗС і лічыць рэакцыю беларускага боку празмерна эмацыйнай і ў цэлым беспадстаўнай, паведамляе Інтэрфакс-Украіна.

«Хочам нагадаць, што для Украіны як еўрапейскай дэмакратычнай дзяржавы свабода слова і свабода сходаў мае фундаментальнае значэнне. Ніякіх падстаў для абмежавання права на мірны пратэст у гэтай сітуацыі не існуе. Праваахоўныя органы Украіны прымаюць належныя меры, каб на пастаяннай аснове, а асабліва падчас акцый пратэсту, гарантаваць бяспеку як удзельнікаў акцый, так і пасольства Беларусі і яго работнікаў», гаворыцца ў паведамленні.

У МЗС падкрэслілі, што Украіна выразна прытрымліваецца палажэнняў Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах 1961 г. і гарантуе бяспеку замежных дыпламатычных місій на сваёй тэрыторыі.

«Чакаем, што беларускі бок таксама з належнай адказнасцю будзе ставіцца да сваіх міжнародных абавязкаў і не будзе дапускаць парушэнняў дыпламатычнага імунітэту накшталт беспадстаўных аглядаў дыпламатычнага аўтамабіля пасла Украіны ў Беларусі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Згадаем таксама, што ў перыяд Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне беларускі бок не рэагаваў на правакацыі грамадзян, якія пад сценамі пасольства Украіны ў Мінску дэманстравалі сваю вельмі недружалюбную пазіцыю да Украіны і абранаму украінскім народам еўрапейскага курсу», — адзначылі ў МЗС.

***

Нейкі час таму актывісты ў Кіеве ўсталявалі каля ўваходу ў пасольства Беларусі крыж у памяць аб загінулых удзельніках масавых акцый у Беларусі. Яны прынеслі іх партрэты, запалілі свечкі, на дрэвы павесілі бел-чырвона-белыя стужкі. Некалькі чалавек кругласутачна ахоўваюць стыхійны мемарыял.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0