У Маладзечне чацвёра падлеткаў разбілі шыбу ў «Табакерцы», залезлі ўнутр і вынеслі адтуль тавару больш чым на 1400 рублёў, паведамляе УУС Менаблвыканкама.
Усё адбылося яшчэ ў ноч на панядзелак. Міліцыю на месца здарэння каля 7-й раніцы выклікала прадавачка кіёска «Табакерка» на вуліцы Міра. Па словах жанчыны, у шапіку было разбіта шкло і адкрыта касавае акенца.
Міліцыя выявіла, што невядомыя разбілі вітрыну і праніклі ў гандлёвы кіёск, адкуль вынеслі цыгарэты, запальніцы і пачкі кантрацэптываў на агульную суму крыху больш за 1400 рублёў.
Пасля прагляду запісаў з камер відэаназірання высветлілася: за ноч зламыснікі двойчы залезлі ў гандлёвае памяшканне і выкралі адтуль тавар.
Каля чацвёртай раніцы, пасля таго як было разбіта вітрыннае шкло, спрацавала сігналізацыя. Нягледзячы на гэта, адзін з падлеткаў залез унутр кіёска і набіў сумку блокамі цыгарэт з прылаўка. Праз шэсць хвілін кампанія падлеткаў вярнулася на месца здарэння. Той жа падлетак зноў залез унутр кіёска. Ён браў блокі тытунёвых вырабаў і праз разбітае акно падаваў астатнім. Выбрацца вонкі праз разбітае шкло ён не змог, таму пакінуў памяшканне праз касавае акенца.
Налётчыкамі аказаліся чацвёра навучэнцаў мясцовага каледжа 16 і 15 гадоў. У інтэрнаце, дзе яны пражываюць, знайшлі частку скрадзенага. У біяграфіі дваіх непаўналетніх гэта першы канфлікт з законам. У двух іншых, 15-гадовага ўраджэнца Валожынскага раёна і 16-гадовага падлетка родам з Мядзела, гэта не першае знаёмства з міліцыяй.





